У Брэсце мастачка ўпрыгожыла малюнкамі люкі каля дзіцячых пляцовак ФОТА

Брэсцкая мастачка Іна Болундзь размалявала каналізацыйныя люкі каля дзіцячых пляцовак у Брэсце ў рамках аўтарскага стрыт-арт-праекта.

04.08.2015 / 22:07

Фота з асабістага архіва мастачкі

Творчая ініцыятыва берасцейкі ўвасобілася ў жыццё дзякуючы конкурсу на стварэнне гарадскіх інсталяцый і малых архітэктурных формаў, які праводзіўся пад эгідай агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч». З дасланых прац журы адабрала дзясятку лепшых для наступнага іх увасаблення на вуліцах горада.

Праект «Вясёлыя люкі» — першы, які быў рэалізаваны. Яго аўтарка, мастачка Іна Болундзь, распавяла, што ідэю яна знайшла ў інтэрнэце.

«Я прапаноўвала не толькі люкі, але з таго, што ўхвалілі, засталіся толькі яны», — патлумачыла яна.

Пасля ўхвалення мастачка пачала працу. Паводле ўмоў неабходна было да 1 жніўня размаляваць не больш за 20 каналізацыйных люкаў паблізу дзіцячых пляцовак горада.

«Мы працавалі ў асноўным у новабудоўлях, таму што ў цэнтры люкі раскіданыя, а ў мікрараёнах яны групкамі былі», — патлумачыла аўтар ідэі.

На гэтым пакуль праект завяршаецца. Аднак Іна тлумачыць, што з задавальненнем яго б працягнула: «Гэта ўжо не ад мяне залежыць, а ад аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва. Калі прапануюць, я абедзвюма рукамі за».