Туніс адмяніў уязныя візы для грамадзян Беларусі

19.08.2015 / 18:05

Урад Туніса прыняў рашэнне аб адмене ўязных віз для грамадзян Беларусі. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, адказваючы на пытанне тэлеканала «Беларусь 1».

«Грамадзяне нашай краіны для ўезду павінны мець дзеючыя пашпарты і праязныя дакументы. Знаходжанне на тэрыторыі Туніса не павінна перавышаць 90 сутак», — удакладніў Дзмітрый Мірончык.

«Неабходна звярнуць увагу на тое, што ў Тунісе яшчэ не адменены рэжым надзвычайнага становішча, уведзены пасля двух рэзанансных тэрактаў, — нагадаў прэс-сакратар МЗС. — Туніскія ўлады і ваенныя прымаюць меры для бяспекі замежных турыстаў у курортных зонах. Тэрарыстычная пагроза ў краіне захоўваецца, стапрацэнтнай гарантыі бяспекі замежных грамадзян няма».