«Суд акупантаў не можа быць справядлівым паводле вызначэння» — апошняе слова ў судзе рэжысёра Сянцова ВІДЭА

Рэжысёра абвінавачваюць у падрыхтоўцы акцый супраціву акупацыі Крыма.

19.08.2015 / 23:12

Фота: Громадське ТБ

Растоўскі суд абвесціць прысуд па справе ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова 25 жніўня. 

Пракуратура прасіла прысудзіць яго да 23 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Для другога абвінавачанага па гэтай справе, Аляксандра Кольчанкі, пракуратура папрасіла 12 гадоў калоніі.

Самі падсудныя віну прызнаць адмовіліся. Сянцоў у ходзе працэсу заявіў, што не лічыць суд легітымным, а таксама абвінаваціў супрацоўнікаў расійскіх спецслужбаў у выбіванні з яго прызнальных паказанняў. Сваю крымінальную справу рэжысёр назваў палітычнай і сфальсіфікаванай.

Паводле версіі следства, з красавіка па май 2014 года Сянцоў і яго прыхільнікі падпалілі ў Сімферопалі офісы грамадскай арганізацыі «Руская абшчына Крыму» і мясцовага аддзялення партыі «Адзіная Расія». Акрамя таго, сцвярджае следства, яны планавалі падарваць ў Крыме помнік Леніну.

Яшчэ двое фігурантаў справы — Генадзь Афанасьеў і Аляксей Чырный — ужо асуджаныя на сем гадоў кожны.