Кіраўнік Нацбанка Малдовы падаў у адстаўку

21.09.2015 / 15:09

Кіраўнік Нацыянальнага банка Малдовы Дорын Дрэгуцану і першы віцэ-прэзідэнт Марын Малашаг сыходзяць у адстаўку. Заява прагучала на сённяшняй прэс-канферэнцыі.

Па словах Дорына Дрэгуцану, гэта вымушаны крок, звязаны з палітычным ціскам.

«Мы просім палітыкаў устрымацца ад заяў і пакінуць НБМ рабіць сваю працу. Адстаўка выклікана ціскам, аказаным некаторымі палітыкамі. Яны вырашылі выкарыстоўваць брудны спосаб. Калі б мы не сышлі, іх аргументы нанеслі б шкоду Нацбанку. Час пакажа, што стаіць за гэтымі нападкамі», — дадаў ён.

Дрэгуцану займаў пасаду кіраўніка Нацбанка з 6 лістапада 2009 года. Да гэтага ён займаў пасаду дырэктара аддзела аўдыту ў кампаніі PricewaterhouseCoopers Serbia.

Сёння таксама стала вядома, што старшыня парламента Андрыян Канду звярнуўся ў Міжнародны валютны фонд з просьбай правесці незалежную экспертызу дзейнасці Нацыянальнага банка за перыяд вываду грошай з трох праблемных фінансавых устаноў — Bancа de Economii, Banca Socială і Unibank.