Раман швейцарскага пісьменніка Лукаса Бэрфуса выйшаў па-беларуску

22.10.2015 / 12:12

У выдавецтве «Паперус» кампаніі «Беларуская Прастора» выйшаў раман швейцарскага пісьменніка Лукаса Бэрфуса «Каала» на беларускай мове (пераклад з нямецкай Ірыны Герасімовіч).

«Беларуская Прастора» прапануе пазнаёміцца з Лукасам Бэрфусам, аўтарам гэтага ўнікальнага твора сучаснага еўрапейскага літаратурнага мастацтва, які прыме ўдзел у прэзентацыях рамана «Каала» ў Беларусі:

23 кастрычніка ў 16 гадзін – у Брэсце (Брэсцкая абласная бібліятэка імя М.Горкага, бульвар Касманаўтаў, 48);

24 кастрычніка ў 18 гадзін – у Мінску (актавая зала Інстытута імя Гётэ, вул. Веры Харужай, 25/3, 4 паверх).

Лукас Бэрфус (1971 году нараджэння) - швейцарскі пісьменнік і драматург, адзін з самых значных нямецкамоўных аўтараў. Яго п'есы перакладзены на шматлікія мовы і ставяцца ў тэатрах па ўсім свеце. Вялікі посьпех прынёс яму й дэбютны раман «Сто дзён». Творчасьць Лукаса Бэрфуса была адзначаная цэлым шэрагам прэмій і ўзнагарод. За раман «Каала» пісьменнік быў узнагароджаны ў 2014 годзе Швэйцарскай кніжнай прэміяй. «Каала» для Бэрфуса – гэта магчымасць пераадолець боль, прычынай якога стала самагубства роднага чалавека.

Ці задумваліся вы, чаму людзі вырашаюць пакінуць гэты свет? Што штурхае нагу самазабойцы зрабіць першы крок на гэтым незваротным шляху? Стыхійны гэты крок, альбо старанна прадуманы, спланаваны самім чалавекам, альбо падладжаны атачэннем? Якое месца займае ў свеце кожны чалавек і што пакідае пасля сябе? Паразважаць над гэтымі і іншымі пытаннямі чалавечага існавання даводзіцца Лукасу Бэрфусу, аўтару кнігі «Каала», які пасля самазабойства брата пачынае сапраўднае расследаванне. Каб зразумець, што штурхнула брата сыйсці з жыцця, аўтар пачынае ўзгадваць яго гісторыю – кім быў брат, як ён жыў, чаму знаёмыя звалі яго «каала» і як гэтая мянушка паўплывала на яго жыццё.

Замовіць раман «Каала» Лукаса Бэрфуса можна ТУТ.