Усё маўчыць, бо благадзенствуе

У «Советской Белоруссии» і «Звяздзе» ні слова пра ўчорашнія ператрусы ў дзясяткаў журналістаў і зьбіцьцё людзей 25 Сакавіка.

28.03.2008 / 12:32

У «Советской Белоруссии» і «Звяздзе» ні слова пра ўчорашнія ператрусы ў дзясяткаў журналістаў і зьбіцьцё людзей 25 Сакавіка. Ні добрага, ні кепскага. «Усё маўчыць, бо благадзенствуе», — як пісаў украінскі паэт Тарас Шаўчэнка.

26 сакавіка «Советская Белоруссия» ацаніла колькасьць пратэстоўцаў у сталіцы ў «некалькі соцень чалавек». Нагадаем, што паводле ацэнак інфармацыйных агенцтваў БелаПАН (Беларусь), РІА «Новості» (Расея) і АР (ЗША), карэспандэнты якіх прысутнічалі на месцы падзеяў, толькі ў мітынгу ля Акадэміі навук, куды дабірацца прыйшлося праз строй спэцназу, тым ня менш, удзельнічала каля трох тысяч чалавек.

Паслухаем, што кажуць сьведкі. Піша блогер lesnoi-slon (lesnoi-slon.livejournal.com), пасьлядоўны крытык як апазыцыі, так і ўладаў: «Не верьте, что протестующих была пара сотен. Я обошел Площадь Коласа, а потом Победы — ее окружали толпы таких, как я. Но все подходы были перекрыты, так что выйти на проспект было нереально. Думаю, если бы акция была мирной, она бы собрала до 10 тысяч».

Прапагандысцкая вэртыкаль непакоіцца, што любая ўзгадка пра «Белсат», непадкантрольныя радыё ці масавыя пратэсты здольная падштурхнуць іх чытачоў самім праверыць, што гэта за СМІ, ці далучыцца да арганізаванай апазыцыі.

Затое ў тым самым нумары ад 26 сакавіка «Советская Белоруссия» друкуе артыкул расейскага радыкальнага нацыяналіста Дугіна і хваласьпеў новаму прэзыдэнту Расеі Мядзьведзеву.

Барыс Тумар