«Безбілетніца-акрабатка» са сталічнага тралейбуса і кантралёр напісалі заявы ў міліцыю

10.12.2015 / 15:19

Гісторыя з дзяўчынай-безбілетніцай, якая пакінула закрыты тралейбус праз акно, атрымала свой працяг.

Як распавёў прадстаўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Яўген Сачак, усе ўдзельнікі канфлікту былі дастаўлены ў міліцыю.

«У Партызанскім РУУС і дзяўчына, і кантралёр напісалі заявы міліцыю, у якіх выклалі кожны сваю версію падзей», — распавялі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

У міліцыі ўдакладнілі, што шукаць дзяўчыну-безбілетніцу не прыйшлося: калі праваахоўнікі прыбылі на месца выкліку, каля тралейбуса знаходзіліся ўсе ўдзельнікі падзей — кіроўца, кантралёр і безбілетніца.

«Якую-небудзь прававую ацэнку зараз даваць заўчасна. Праводзіцца праверка, вывучаюцца паказанні ўсіх бакоў і сведак», — адзначылі ў міліцыі.

6 снежня ў Мінску прыкладна ў 15.30 дзяўчына нібыта не аплаціла праезд і адмовілася выходзіць з кантралёрамі праз дзверы. Кіроўца тралейбуса заблакавала дзверы, але дзяўчына ўсё ж пакінула транспарт — праз акно.