Усевалад Чаплін: Патрыярх Кірыл доўга не пратрымаецца

25.12.2015 / 12:33

На думку экс-старшыні аддзела па ўзаемаадносінах РПЦ з грамадствам Маскоўскага патрыярхату, прадстаяцель РПЦ Кірыл «перастаў разумець, што ён калектыўны праект».

«Думаю, доўга ён не пратрымаецца. Думаю, што гэта супярэчнасць паміж верай у асабістую харызму і навакольнай рэальнасцю будзе толькі ўзмацняцца», — падкрэсліў Усевалад Чаплін ў жывым эфіры радыёстанцыі «Гаворыць Масква».

У сваю чаргу кіраўнік прэс-службы Маскоўскага патрыярха і ўсяе Русі Аляксандр Волкаў адзначыў, што «пакідае заявы Чапліна на яго сумленні».

«Уступаць у бессэнсоўную палеміку не ўяўляецца мэтазгодным», — дадаў ён у інтэрв'ю радыёстанцыі «Гаворыць Масква».

24 снежня стала вядома, што У.Чаплін звольнены з пасады кіраўніка аддзела па ўзаемаадносінах РПЦ з грамадствам. Сам протаіерэй тлумачыць сваю адстаўку рознагалоссямі з патрыярхам.