«Правілы ігры» Сяргея Пукста

13.01.2016 / 12:15

Музыка, мастак і радыёвядучы Сяргей Пукст у гэтыя навагоднія святы выдаў новы альбом. «Шлях дадому» — так называецца яго чацвёртая ­­­­­­сольная работа, якая ўяўляе сабой пятнаццаціхвілінную п’есу, насычаную гарадскімі гукамі, паўзамі і музычнымі дысанансамі.

Наша размова з унукам вядомага беларускага кампазітара Рыгора Пукста пачалася менавіта з абмеркавання новага опусу, але неяк сама сабой перайшла пра «ўсё на свеце». І гэтага цалкам заканамерна, бо Сяргей Пукст— асоба вялікай эрудыцыі і бліскучага гумару.

Усё пачутае неяк самой сабой папрасілася ў форму «правілы жыцця», якую ахвотна перафармулюю ў «правілы ігры» Сяргея Пукста.

Пукст – гэта латышская фамілія. Гэта лінія майго дзядулі па бацьку – вядомага старэйшаму пакаленню беларускага класіка Рыгора Пукста. Але не менш для мяне важная і лінія маёй маці. Яе сваякі родам з Сібіры. Увогуле, ува мне шмат чаго намяшана — ёсць і польскія, і нават татарскія карані.

Галоўным настаўнікам лічу сваю маці, якая была цудоўным музычным педагогам. Менавіта яна прывіла мне любоў да музыкі, і разуменне таго, што перш за ўсё на музычным інструменце трэба іграць, а не бяздумна тарабарыць. Гэтаксама матуля дала вельмі трапнае азначэнне «безобразного» — таго, што не мае вобразу. Я часта ўзгадваю яе словы, калі чую музыку, бачу мастакі твор, які не мае свайго аблічча, дакладнай думкі.

Пукст падчас вучобы ў мастацкім вучылішчы імя Глебава.

Напэўна, я з’яўляюся плёнам дысідэнцкай культуры. Той, якая хоча невядома супраць чаго бунтаваць ды ствараць пэўныя ідэалы, што, насамрэч, у соцыуме не вельмі прыжываюцца. Гэта такая музыка насычанай бясконцай разнастайнасці. Лічу, што не ўсе нотныя спалучэнні яшчэ перабраныя, не ўсё музычнае яшчэ сфармуляванае, і адмаўляцца ад стварэння музыкі ў такім самым шчырым сэнсе — не варта.

Шчыра кажучы, я кампазіцыі не вучыўся. Усё, чаму я абавязаны, калі ёсць пэўныя здольнасці, гэта мае вушы, тое, што я чую. Цікавыя спалучэнні, эпізоды… Вялікай формы я не ведаю, не маю досведу, як яна будуецца. Самае смешнае, што французскі кампазітар Эрык Саці таксама не ведаў кантрапункта. Я не Саці, вядома, але гэты кампазітар адзін з найбольш цікавых для мяне. Сёння ўжо ўсё было пройдзена: кампазітары адмаўляліся ад мелодыі, ад шуму… Неакласіка, Джон Кейдж, Антон Веберн, усё адбылося… А вось проста сесці і падумаць па-за акадэмічным і рок-кантэкстам, увогуле, па-за кантэкстамі… Калі ў выніку цябе спыняе амаль што глупства, але яно чапляе, інтрыгуе — вось гэта мне даспадобы. Жывая думка — вось тое, што не састарэе ніколі.  

«Найлепшы альбом 2013 года» на ўзнагародах Experty.by атрымаў Pukstband за «Апошні альбом». 

Новы альбом «Шлях дадому», які цяпер выходзіць, можна назваць цалкам класічным альбомам. На сёння, на жаль, паняцце класікі трансфармавалася да выкарыстання інструментарыя — малаточкавых, струнных сродкаў; змест ужо не так важны. (Гэта яшчэ праг-рок 80-х даказаў: музыканты тады актыўна задзейнічалі арсенал цалкам класічных кампазітарскіх сродкаў). Але, нягледзячы на тое, што я выкарыстоўваю тыя самыя класічныя малаточкавыя механізмы — да прыкладу, фартэпіяна, у маім альбоме ўсё ж адбываецца праца акурат са зместам. Так, спалучаю ў ім розныя гукі з рэальнага жыцця — тралейбуса, супермаркета, метро, дарогі, якую «дзяўбуць» рабочыя… Але ёсць, уласна, і сама музыка, якую нельга назваць бесхрыбетнай, размаітай. Бо яна ўтрымлівае наплыў гэтага рэальнага жыцця.

Рок-музыка, поп-музыка, альтэрнатыўная музыка — гэта дзяленне ў многім сацыяльнае, не музычнае, на мой погляд. Ёсць таленавітыя выканаўцы і ўсё астатняе — умоўнасці. Мне гэтаксама не цікава, калі музыка становіцца сродкам выразу супраць чагосьці альбо за штосьці. Музыка — гэта абсалютная рэч, якая існуе сама па сябе.

Пукст любіць распісваць свае плыткі ўласнаручна. Новы альбом «Шлях дадому» — не вынятак.

Ці магчыма такое, каб я напісаў песню пратэсту? Магчыма, калі я знайду тое для сябе ўнутрана апраўданым. Але гэта будзе мала абумоўлена вонкавым ціскам, сітуацыяй. Яна не будзе непасрэднай рэакцыяй на тое, што адбываецца. Таму што гэта ўжо зусім… Калі ты ўжо такая дапасаваная да сітуацыі субстанцыя, то які ты аўтар?

Сённяшні свет патрабуе празрыстасці. Ён любіць празрыстых людзей. Гэта абсалютна такі момант… Ну, як чыноўнік, які павінен быць чыстым, зразумелым, уцямным. У яго не павінна быць аніякіх дзіўных страсцей, захапленняў, таму што тады ён становіцца сумніўным. Праз гэта мне бачыцца страшнае выцісканне асабістай прасторы. Чалавеку ўжо нічога не застаецца акрамя таго, каб быць ясным, даступным, такім простым… Альбо ты празрысты, альбо — сумнеўны, іншае не разглядаецца.

Пукст часам любіць іграць, лежачы на падлозе.

Ціхія галасы сёння не чутныя. Каб усе паверылі, што ты індывідуальнасць, пра гэта трэба гучна пракрычаць. Наляпіць на фізіяномію французскі сцяг, да прыкладу, паказаць праз тыя ж сацыяльныя сеткі, што ты моцна перажываеш. Бо лічыцца, што калі твае ўнутраныя працэсы ніяк не праяўленыя — іх няма. Сёння, дзякуючы сацыяльным сеткам, кожны можа быць пачуты. Гэта добра, але, з іншага боку, часам гэты гоман пераходзіць у пусты крык. І выйграе той, хто «крычыць» болей за ўсіх.

І сумна, што мастацтва зводзіцца да літаральных рэчаў. Яго ігравы элемент усё болей становіцца нікому не патрэбны. Людзі ўжо зусім распаўзаюцца ў гэтым жыцці і не хочуць засяроджвацца ў мастацтве, у вобразе. Слухачы прагнуць такога тупога, лабавога, з майго пункту гледжання, дастаткова ПТВ-шнага экспанавання чалавека. Выканаўца мусіць быць такім, які ён ёсць, і на сцэне. Вось гэты пачварны натуралізм, які вітаецца ў сучаснай эстрадзе — гэта для мяне проста туга. А дзе ж элемент гульні?

«Георгій — злева, Пукст — справа». Фота Сяргея Ждановіча.

Што да маіх мастацка-канцэптуальных амбіцый, гэта, вядома, Георгій Дабро. Ён, лічы, сацыяльны праект, амаль такі «выратуйце коцікаў». Гэта — сімулякр, які зжэр чалавека, і ў гэтым ёсць цудоўны элемент гульні. Сяргея Пукста ўсе ведаюць — ён жыве сярод нас, валодае пэўнымі рысамі, межамі, а вось Георгій — гэта фантом. Дзіўны набор сродкаў, які пэўным чынам сфармуляваны, зроблены; такое адчуванне мары жанчыны ці мужчыны. Дакладнага адказу на маю — мужчыны і жанчыны самі павінны ўцяміць, чыёй марай з’яўляецца гэты персанаж. Але галоўнае, што тое асэнсавана, ў запаленым напружанні свядомасці, створаны вобраз, скрозь які ў Сяргея Пукста праступае яго чалавечая прырода, абаянне, рысы. Проста трэба шырэй глядзець на гэты момант. Георгій Дабро — гэта комплекс думак і ідэй, філасофіі, у якім вельмі цікава разабрацца.

У вобразе Георгія Дабро.

Што я цяпер слухаю? Усё даволі стандартна — Легеці, Брукнер… Але калі казаць пра крыніцы натхнення, той жа футбол — цалкам для гэтага прыдатная рэч. Цікава было на днях прачытаць біяграфіі Алекса Фергюсана і Роя Кіна, каб зразумець нюансы чалавечых стасункаў паміж трэнерам і іграком. Футболам увогуле цікаўлюся: стыль «Барселоны» часам, на мой погляд, можа даць кампазітару нашмат болей, чым неакласіка. Там жа такая разнастайнасць формы, па меншай меры, візуальнай. Гэта такі ж твор мастацтва як і класічны жывапіс!

Музыка — яна паўсюль. Нават павароты крымінальных спраў (нядаўна паглядзеў «Крымінальную Расію» НТБ-шнага «разліву» — гэта асобная тэма для размовы, скажу) могуць даць багатую глебу для разваг і розных кампазіцыйных метафар. Проста неабходна пастаянна гэтыя «шчупальцы» ўвагі трэніраваць і здабываць з наваколля гармонію. 

* * *

P.S. 13 снежня ў клубе RE:Public адбудзецца вялікі канцэрт Сяргея Пукста пад назвай «Георгій Дабро запрашае сяброў».

Занатавала Дар’я Амяльковіч