Вайна за незалежнасць: ці паўторыць Украіна тактыку Харватыі?

18.01.2016 / 14:38

Узброены канфлікт на ўсходзе Украіны для многіх аказаўся поўнай нечаканасцю. Да вайны былі не гатовыя ні ўзброеныя сілы Украіны, ні органы ўлады. Канфлікт, празваны «гібрыднай вайной», сур'ёзна збянтэжыў не толькі ўлады Украіны, але і вышэйшае ваеннае кіраўніцтва краін НАТА.

Аднак вайна, так званая «гібрыдная», без афіцыйнага аб'яўлення, з выкарыстаннем інфармацыйна-псіхалагічных, эканамічных і сілавых інструментаў – з'ява няновая. Для таго, каб Украіна магла вырашыць для сябе праблему бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, можна звярнуцца да нядаўняга гістарычнага мінулага.

Можна знайсці шмат супольнага паміж цяперашнім расейска-ўкраінскім канфліктам і вайной за незалежнасць Харватыі.

У 1991 годзе Харватыя абвясціла незалежнасць. У той час у Харватыі пражывала значная сербская меншасць, якая не жадала аддзялення ад Югаславіі. Мелася значная колькасць выхадцаў са змешаных сем'яў, так званых «югаславенаў», якія таксама былі не ў захапленні ад ідэі незалежнасці Харватыі.

Гэтыя дзве групы, сербы і «югаславены», складалі больш за 15 адсоткаў насельніцтва Харватыі. Аднак сярод чыноўнікаў і сілавых структур іх адсотак быў значна вышэйшы. Для выражэння сваіх інтарэсаў, сербы ў Харватыі пачалі актыўна ствараць грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі. У праграме гэтых партый гаварылася, што «тэрытарыяльны падзел Харватыі састарэў» і што «ён не адпавядае інтарэсам сербскага народа».

Цэнтральныя бялградскія ўлады падтрымлівалі канцэпцыю перагляду меж унутры Югаславіі, каб усе сербы жылі ў адной дзяржаве. Фактычна гэта канцэпцыя «вялікай Сербіі» амаль не адрозніваецца ад канцэпцыі «русского мира», а харвацкія «югаславены» гралі тую ж самую ролю, якую граюць сёння ва Украіне «советские люди» — людзі без выразнай нацыянальнай самасвядомасці, якія настальгуюць па дзяржаве, якой больш няма.

Пачаліся сур'ёзныя сутыкненні. З аднаго боку былі харвацкія органы правапарадку, з іншага — югаслаўская армія і сербскія апалчэнцы. З югаслаўскай арміі дэзерціравалі практычна ўсе харваты, баснійцы, македонцы і славенцы. Такім чынам, Югаслаўская народная армія часцей станавілася на бок сербаў.

Узброеныя сілы Харватыі знаходзіліся ў той час у вартым жалю стане, як і армія Украіны ў пачатку 2014 года.

Бракавала падрыхтаваных афіцэраў і новага ўзбраення. Даводзілася ваяваць на тэхніцы часоў Другой сусветнай. Гэта было выклікана тым, што яшчэ ў 1990 годзе харвацкія склады са зброяй Тэрытарыяльнай абароны перайшлі пад кантроль Бялграда. Каб кампенсаваць дэфіцыт зброі, харвацкім узброеным сілам даводзілася сілай захопліваць казармы Югаслаўскай народнай арміі. Падчас вайны Харватыя ў абыход эмбарга ААН на пастаўку ўзбраенняў нелегальна імпартавала зброю. Улады вымушаныя былі займацца кантрабандай. У падобнай сітуацыі зараз знаходзіцца і Украіна. Эмбарга на продаж зброі ва Украіну адсутнічае, аднак яно дзейнічае негалосна.

У маладой дзяржавы быў дэфіцыт сродкаў, і значную дапамогу аказвала харвацкая дыяспара, як гэта зараз робіць украінская дыяспара. Быў развіты моцны валанцёрскі рух. На пачатку вайны праз адсутнасць паўнавартасных узброеных сіл частку цяжкіх баёў узяла на сябе харвацкая паліцыя. У красавіку 1991 года была ўтворана Нацыянальная гвардыя Харватыі, на аснове якой былі пазней створана армія Харватыі.

Сербы, якія атрымалі найноўшую зброю Югаслаўскай народнай арміі, знаходзіліся ў значна лепшай пазіцыі.

Праз месяц пасля абвяшчэння Харватыяй незалежнасці каля 30% тэрыторыі краіны знаходзілася пад кантролем сербаў.

Эмбарга ААН на набыццё зброі было ўведзена і супраць Сербіі, і супраць Харватыі, аднак у югаслаўскай арміі было дастаткова зброі, каб весці актыўныя баявыя дзеянні.

На тэрыторыях, якія кантраляваліся сербамі, у канцы 1991 года была абвешчана Рэспубліка Сербская Краіна.

Гэтую дзяржаву ніхто не прызнаў, нават Саюзная Рэспубліка Югаславія (кавалак былой Югаславіі, ад якой засталіся толькі Сербія і Чарнагорыя). І фармальна ні Харватыя, ні Сербія адна адной вайны не аб'яўлялі. Гэта вельмі нагадвае цяперашнія расейска-ўкраінскія адносіны, калі краіны не знаходзяцца ў стане вайны. І Расея нават не пайшла на прызнанне марыянетачных ДНР і ЛНР. «Ни войны, ни мира». Аднак менавіта Расея справакавала гэты канфлікт з дапамогай прапаганды ў СМІ і паставак узбраення прарасейскім сепаратыстам.

У пачатку 90-х моцная нацыяналістычная прапаганда існавала і ў краінах былой Югаславіі. Сербія, якая фармальна не знаходзілася ў стане вайны з Харватыяй, з дапамогай дзяржаўных медыя актыўна вербавала наймітаў для арміі Сербскай Краіны і распальвала антыхарвацкія настроі. Харвацкія сербы баяліся адраджэння ў Харватыі фашызму і прыходу да ўлады ультраправых «усташоў». У сваю чаргу, улады Харватыі лічылі гэтыя асцярогі безгрунтоўнымі. Тэрыторыі, занятыя Сербскай Краінай, харвацкія ўлады лічылі акупаванымі і імкнуліся аднавіць на іх канстытуцыйны парадак. Усё гэта вельмі нагадвае асцярогі шматлікіх жыхароў паўднёва-ўсходняй Украіны, што да ўлады могуць прыйсці ультраправыя «бандэраўцы», якіх яны атаясамляюць з нацыстамі.

Рэспубліка Сербская Краіна цалкам залежала ад Югаславіі. Бялград фармаваў 90% яе бюджэту.

На тэрыторыі Сербіі знаходзіліся лагеры для харвацкіх ваеннапалонных. Югаслаўскія СМІ часта скажалі рэальную інфармацыю пра падзеі ў Харватыі. Улады Сербіі спрабавалі паказаць канфлікт як грамадзянскі, у той час як Харватыя расцэньвала гэта як «сербскую агрэсію».

Гэтая вайна прайшла праз розныя этапы: актыўныя фазы змяняліся перамір'ем. Улады Харватыі заняліся стварэннем новай і баяздольнай арміі. Новая армія стваралася з дапамогай замежных ваенных інструктараў і прыватных ваенных прадпрыемстваў.

У гэты час у Югаславіі, супраць якой былі ўведзены міжнародныя санкцыі, пачаліся сур'ёзныя эканамічныя праблемы.

Харватыя здолела мабілізаваць амаль 200 тысяч чалавек. Гэта вельмі вялікая лічба для 4-мільённай краіны (гэта як калі б сёння Украіна мабілізавала 2-мільённае войска). Новыя элітныя часткі паказалі сябе з лепшага боку.

У 1995 годзе склаліся ўмовы, калі Харватыя здолела аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласнасць. Ключавымі аперацыямі былі «Маланка» і «Бура», калі Сербская Краіна была ліквідавана.

Пасля гэтых аперацый былі падпісаны мірныя пагадненні, якія прадугледжвалі рэінтэграцыю рэгіёнаў з сербскім насельніцтвам у склад Харватыі. Канчаткова Харватыя аднавіла сваю тэрытарыяльную цэласнасць толькі ў 1998 годзе.

Нягледзячы на падабенствы, канфлікты ва Украіне і Харватыі маюць і адрозненні. У Харватыі канфлікт быў этнічны. А ва Украіне надаць канфлікту этнічную афарбоўку спрабавала толькі Расея (як паўстанне «прыгнечаных расейскамоўных» жыхароў супраць «бандэраўскай Украіны»). І Югаславія, у адрозненне ад Расеі, не валодала ядзернай зброяй.

Аднак сама логіка канфлікту і знешнія абставіны шмат у чым супадалі. І на аснове харвацка-сербскага канфлікту Украіна можа пераняць харвацкі досвед і зрабіць пэўныя высновы.

Нават у выніку паспяховых рэформ ва Украіне, стварэння новай баяздольнай арміі, канфлікт не вырашыцца ў хуткім часе.

Харватыя ў 90-я знаходзілася ў значна лепшым эканамічным становішчы, чым зараз Украіна. Аднак ёй спатрэбілася 4 гады, каб стварыць моцную армію. А мяцежныя тэрыторыі былі інтэграваны ў склад Харватыі толькі праз 7 гадоў пасля пачатку вайны.

Калі казаць пра прымірэнне Украіны і Расеі, то яно тэарэтычна магчыма. Гэта паказвае гісторыя стасункаў Сербіі і Харватыі.

Пасля вайны краіны наладзілі дыпламатычныя адносіны. У пачатку 2000-х, пасля змены ўлады ў Сербіі, паміж Сербіяй і Харватыяй наладзіліся партнёрскія адносіны. Сербія знаходзіцца зараз у працэсе еўраінтэграцыі, а Харватыя ўжо стала сябрам ЕС.

Зараз украінска-расейскі канфлікт вельмі нагадвае харвацка-сербскі канфлікт пачатку 1990-х. Аднак усё залежыць толькі ад Украіны, ці зможа яны вырашыць канфлікт на Данбасе на сваю карысць, выкарыстоўваючы досвед Харватыі па рэфармаванні сваіх узброеных сіл.

Максім Маханькоў