Лукашэнка сумняецца ў эфектыўнасці забаронаў на продаж алкаголю

Аляксандр Лукашэнка сумняваецца ў эфектыўнасці ўвядзення забаронаў на гандаль алкагольнай прадукцыяй у вячэрнія і начныя гадзіны.

28.01.2016 / 15:05

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на калегіі МУС па выніках працы органаў унутраных спраў за 2015.

«Я схіляюся да таго, што любыя забаронныя меры шкодныя», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Як было паведамлена кіраўніку краіны, значная частка злачынстваў у Беларусі здзяйсняецца асобамі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення. Пры гэтым у грамадстве і на ўзроўні дзяржаўных органаў перыядычна ўзнікае дыскусія і прымаюцца меры па абмежаванні продажу алкагольнай прадукцыі ў вызначаныя гадзіны або на шэрагу гандлёвых аб'ектаў.

Паводле слоў Лукашэнкі, эфектыўнасць такіх рашэнняў знаходзіцца пад пытаннем. «Хацелася б атрымаць адэкватны і дакладны адказ: дзе забараняць, як забараняць, у які час, забараняць наогул ці дзейнічаць нейкімі іншымі метадамі», — адзначыў ён.

«Дзесьці мы забаронім, але гэта эфекту не дасць. Гэта дасць працу ценявікам. Справа нават не ў бюджэце, што мы нешта там страцім. Мы тут не выйграем ў грошах, таму што больш будзем марнаваць на раскрыццё злачынстваў», — лічыць Лукашэнка.