Гуляка: Касцёл у Беларусі недастаткова працуе па падрыхтоўцы святароў

02.02.2016 / 12:08

Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі недастаткова актыўна працуе па падрыхтоўцы святароў, заявіў сёння Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка на калегіі Апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

«Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі, як і раней, недастаткова актыўна працуе па падрыхтоўцы кадраў. Напрыклад, у Пінскай семінарыі ў 2015 годзе не было ніводнага выпускніка і ўсяго адзін чалавек паступіў на першы курс. У каталіцкай тэалагічнай акадэміі, што адкрылася ў 2015 годзе, няма ніводнага навучэнца, і, як следства, ёсць кадравая праблема і запрашэнне вялікай колькасці святароў з-за мяжы», — адзначыў Леанід Гуляка.

Пры гэтым, паводле яго слоў, некаторыя замежныя святары слаба валодаюць навыкамі зносін на дзяржаўных мовах Рэспублiкi Беларусь i рэдка выкарыстоўваюць іх для правядзення набажэнстваў, што выклікае справядлівыя скаргі вернікаў.