У машыне Мілінкевіча адкруцілі кола
Паплечнікі мяркуюць, што хтосьці вельмі не хацеў, каб лідэр Руху «За Свабоду» дабраўся да Полацку.
11.04.2008 / 15:54
На думку паплечніка Мілінкевіча Аляксея Кавальца, хтосьці вельмі не хацеў, каб лідэр Руху «За Свабоду» дабраўся да Полацка.
Падчас паездкі лідэра Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча з паплечнікамі 8 красавіка ў Полацк, каб падтрымаць на судзе актывістку Маладога Фронту Кацярыну Салаўёву, пасажыры аўтамабіля адчулі нехарактэрнае скрыгатанне.
— Мы падумалі, што непаладкі ўзніклі недзе каля левага задняга кола, але вырашылі працягнуць паездку, — кажа жонка палітыка Іна Кулей.
Аляксандру Мілінкевічу ўдалося без прыгод дабрацца да Полацка, падтрымаць сваёй прысутнасцю на судзе моладзевую актывістку і вярнуцца ў Мінск.
На наступны дзень Аляксей Кавалец, які аглядаў машыну, быў шакаваны: левае пярэдняе кола трымалася на 2‑х балтах, 3 астатнія былі прыадкручаны. На яго думку зроблена наўмысная шкода. Хтосьці вельмі не хацеў, каб Мілінкевіч дабраўся да Полацка.
— Аўтааматары ведаюць, наколькі гэта небяспечна. Калі падчас руху машыны адваліцца пярэдняе кола, наступствы могуць быць непрадказальныя і вельмі сур’ёзныя. Машына папросту можа перакуліцца, — кажа спадар Кавалец.