Што такое Uber, як ім карыстацца і як на ім зарабляць

10.02.2016 / 19:26

У Мінску з’явіўся сэрвіс таксі Uber. Старыя таксісты яго баяцца, затое моладзь актыўна выкарыстоўвае: адны спадзяюцца зарабіць, другія ездзіць танней. 

Ілюстрацыйнае фота wikimedia.org.

Што такое Uber

Мабільны дадатак для пошуку таксі або падвозу людзей за грошы. Яго стварыла міжнародная кампанія, што базуецца ў Сан-Францыска (ЗША). На сёння дадатак даступны ў 375 гарадах 68 краін.

Па сутнасці, гэта сацыяльная сетка, што звязвае кліента з кіроўцамі, якія знаходзяцца побач.

Кожны чалавек можа паглядзець профіль кіроўцы, марку яго машыны і іх рэйтынг, які выставілі кліенты. Пры гэтым рэйтынг мае вялікае значэнне, бо калі ў кіроўцы ён вельмі нізкі, Uber скасоўвае дагавор аб супрацы.

Гэта новая тэхналогія — людзі «дзеляцца паслугамі». Прадказваюць, што такіх сетак будзе з часам усё больш.

Як гэта працуе

Калі ў цябе ёсць машына і патрэбныя дакументы, ты можаш стаць кіроўцам Uber і атрымліваць 80% ад цаны кожнай паездкі, 20% ідзе Uber-у. Калі ты кліент — абірай самую блізкую ад цябе машыну.

Аплачваць паслугі машын Uber можна толькі банкаўскай карткай.

Каб карыстацца, трэба спампаваць мабільны дадатак — пад Android ці IOs. Пасля трэба зарэгістравацца: увесці кантактныя звесткі і нумар банкаўскай карткі.

Грошы будуць спісвацца з рахунку пры карыстанні, картку з сабой мець неабавязкова. Для выкліку таксі павінен працаваць інтэрнэт. Вашае месцазнаходжанне вызначаецца аўтаматычна. Вы задаяце адрас прыбыцця і абіраеце клас аўтамабіля: у Беларусі гэта UberBLACK (аўтамабілі прадстаўніцкага класа) і UberX (аўтамабілі камфорт-класа).

Перад замовай таксі можна паглядзець прыкладны кошт паездкі, бо ў залежнасці ад класу аўто будуць адпаведныя тарыфы. Кошт разлічваецца прыкладна: у залежнасці ад трафіку, стану надвор'я і іншых фактараў сума можа вагацца.

Пасля аплікацыя адшуквае кіроўцаў побач, вам застаецца абраць таксіста і чакаць яго прыбыцця. Па прыбыцці з вашай карткі здымецца сума праезду. Рахунак прыйдзе на электронную пошту. 

Калі вы — кіроўца

Калі вы маеце уласнае аўто прэміум ці камфорт-класа, вы юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік - можаце стаць кіроўцам Uber'а. Для гэтага трэба:

Калі патрабаванні Uber будуць адпавядаць рэчаіснасці, будзе падпісаная партнёрская дамова. Кожны кіроўца можа выставіць уласны графік працы ці ўвогуле працаваць у вольны ад працы час. Ад кожнай паездкі кіроўца будзе атрымліваць 75%. Па сканчэнні кожнай паездкі кіроўца павінен выпісваць заказ-нарад на фрахтаванні транспартнага сродку для перавозкі пасажыраў. Гэты дакумент звязаны з законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», дзе сказана, што «аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах выконваюцца па дамове аб аўтамабільнай перавозцы пасажыраў, а у нерэгулярных зносінах - па дамове аб фрахтаванні для аўтамабільнай перавозкі пасажыраў або па дагавору аб перавозцы пасажыраў аўтамабілем-таксі (п. 29 Правілаў аб перавозцы пасажыраў).

Па сутнасці, Uber у Беларусі нічым не адрозніваецца ад звычайнай службы таксі, бо толькі ў некаторых краінах заканадаўства дазваляе Uber падпісваць дамовы з фізічнымі асобамі, якія маюць аўтамабілі ніжэй за камфорт-клас. Прыватным падвозам у Беларусі маюць права займацца толькі зарэгістраваныя таксісты.

Танней, чым звычайнае таксі?

Шмат хто з карыстальнікаў кажа, што таксі абышлося ім прыкладна так жа ці танней за звычайнае. Ці сапраўды гэта так?

UberBLACK (аўтамабілі прэміум класа):

Падача аўто — 45 000 рублёў

Кіламетр паездкі — 7 000 рублёў

Таксі «Пятніца» (аўтамабілі прэміум класа):

Падача аўто — 60 000 рублёў

Кіламетр паездкі — 8 500 рублёў

UberX (аўтамабілі камфорт-класа)

Падача аўто — 27 000 рублёў

Кіламетр паездкі — 5700 рублёў

Таксі «Алмаз» 

Падача аўто — 18 400 рублёў

Кіламетр паездкі — 5500 рублёў

Нягледзячы на лічбы, UberX гарантуе машыны камфорт-класа, такія як Skoda Rapid, Kia Rio, Volkswagen Polo, Hyundai Solaris малодшыя за 5 гадоў. 

Пратэсты ў Еўропе

Дзейнасць сэрвісу выклікала канфліктныя сітуацыі і пратэсты ў мностве краін, уключаючы Францыю, Германію, Італію, Нідэрланды. У некаторых краінах кампанія Uber атрымлівала штрафы, у іншых забараняліся некаторыя або ўсе яе паслугі. Праблема звязаная з неадпаведнасцю правілаў сэрвісу заканадаўству ў шэрагу еўрапейскіх краін (там, дзе на перавозку пасажыраў трэба ліцэнзія). Старых таксістаў трывожаць таксама нізкія тарыфы.

Пратэсты ў Францыі:

У Маскве таксісты таксама выказвалі незадаволенасць дзейнасцю Uber, у прыватнасці, называючы кампанію «найбуйнейшым нелегальным перавозчыкам». Дэпартамент Транспарту Масквы і кампанія Uber дамовіліся падпісаць спецыяльнае пагадненне, якое абмяжоўвае паслугі кампаніі толькі легальнымі перавозчыкамі.

У Мінску таксама нядаўна сабралася стыхійная сустрэча кіроўцаў таксі. 

Плюсы і мінусы

Плюсы:

Мінусы:

Для таго каб дакладней разабрацца ў асаблівасцях працы ў Беларусі, НН пагутарыла з Вадзімам Мажэйкам, экспертам «Ліберальнага клубу», які пасля прыходу UberX у Мінск цалкам адмовіўся ад іншых службаў таксі.

НН: Чаму Вы перайшлі цалкам на Uber? Якая была матывацыя?

ВМ: Гэта зручна і якасна. Ніякіх незразумелых перамоў з цётачкамі па тэлефоне, ніякага «чакайце, шукаю машыну». Усё відаць на мапе, празрыста. Кіроўцы культурныя, ніякіх хлапчукоў у трэніках з шансончыкам. Разлік па картцы, якую нават не трэба мець пры сабе, чаго не можа прапанаваць ніводная іншая таксоўка. Цудоўна, што няма моманту разліку, калі цябе будуць дурыць з няўключаным лічыльнікам, і трэба неяк вырашаць гэта — ці то сварыцца, ці то пераплочваць. А тут усё аўтаматызавана, няма суб'ектыўнага фактару. Да таго ж, я шмат падарожнічаю, а выклік таксоўкі ў новым горадзе па незразумелым тарыфе — гэта заўсёды галаўны боль. А з Уберам я ў Берліне адкрыў звычайную аплікацыю на сваім планшэце — і адразу пабачыў 4 розныя варыянты таксовак, са зразумелымі цэнамі.

НН: А адчуваецца розніца паміж нашым Uber'ам і за мяжой?

ВМ: За мяжой табе не выпісваюць паперку пасля паездкі, проста развітаўся і пайшоў. У нас Uber працуе згодна з беларускім заканадаўствам.

НН: Шмат хто з карыстальнікаў скардзіцца на малую колькасць кіроўцаў у Мінску. Вы сутыкаліся з такой праблемай?

ВМ: Не, кіроўцаў звычайна хапае. Зрэшты, калі будзе вялікі попыт — будуць наймаць яшчэ, зразумела.

НН: Вось нядаўна таксісты заявілі, што Uber – апошняя кропля. Ці сапраўды ёсць некая пагроза для іх у Беларусі?

ВМ: Таксісты баяцца канкурэнцыі, бо індывідуальны кіроўца ніколі не зможа пабудаваць такую мадэль, як сусветная кампанія. Зрэшты, можна ісці на працу ў Uber, аднак на гэта здольныя не ўсе: не хопіць ні культуры, ні якасці аўто. Uber глабальна мяняе рынак, і гэта, вядома не падабаецца тым, хто адчувае: адаптавацца да гэткіх пераменаў ён не зможа.

Зрэшты, не трэба панікі: так, Tesla i Uber у будучыні безумоўна перамогуць, але ж бліжэйшыя некалькі год таксі «Алмаз» на Lada таксама будзе запатрабаваным у пэўнай аўдыторыі. Як мінімум таму што не ўсе звыклі карыстацца мабільным інтэрнэтам і маюць добрыя смартфоны. Таму лепей бы пратэстоўцы-таксісты працавалі над уласнай якасцю, вучыліся пераключаць музыку для кліентаў і не махлярстваваць з лічыльнікам, а не пужаліся Uber'a.

Мікіта Недаверкаў