У Мюнхене, здаецца, дамовіліся наконт спынення вайны ў Сірыі

12.02.2016 / 08:02

На перамовах кантактнай групы па Сірыі ў Мюнхене дасягнута пагадненне аб неадкладным «значным скарачэнні гвалту», якое «праз тыдзень павінна прывесці да канца баявых дзеянняў», заявіў у ноч на пятніцу, 12 лютага, міністр замежных спраў ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер.

Па словах Штайнмаера, будуць адноўленыя пастаўкі харчавання і медыкаментаў у блакаваныя населеныя пункты. Баявыя дзеянні супраць «Ісламскай дзяржавы» і «Фронту ан-Нусра» будуць працягнутыя, падкрэсліў кіраўнік МЗС ФРГ.

Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў заявіў аб стварэнні рабочай групы РФ—ЗША па спыненні агню ў Сірыі, куды ўвойдуць дыпламаты і вайскоўцы. Праца групы пачнецца «ужо заўтра ў Жэневе і будзе праходзіць рэгулярна». Упершыню «замацавана неабходнасць супрацоўніцтва і каардынацыі не толькі па палітычных і гуманітарных пытаннях, але і па ваенным вымярэнні сірыйскага канфлікту», удакладніў Лаўроў.

Масква спадзяецца, што ўдзельнікі кантактнай групы «выкарыстоўваюць свой уплыў на адпаведныя апазіцыйныя групы, каб яны ў поўнай меры супрацоўнічалі з ААН», падкрэсліў кіраўнік МЗС РФ.

Перамовы ў Жэневе

Мірныя перамовы паміж сірыйскімі паўстанцамі і ўрадам у Жэневе будуць адноўленыя «так хутка, як гэта магчыма», заявіў пасля заканчэння сустрэчы ў Мюнхене дзяржсакратар ЗША Джон Керы.

«Калі мы ўбачым рэалізацыю пагадненняў на справе, то нас з вамі вельмі хутка чакае сустрэча ў Жэневе», - таксама пацвердзіў прадстаўнік Найвышэйшага камітэта па перамовах (NHC) сірыйскай апазіцыі Салем аль-Муслат.