Расейца дэпартавалі з Беларусі за «забытыя» у пашпарце 10 еўра

16.02.2016 / 18:21

Грамадзяніна Расіі дэпартавалі з Беларусі за «забытыя» у пашпарце 10 еўра, паведамілі ў прэс-службе Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы ім. Ф.Э. Дзяржынскага.

Інцыдэнт адбыўся 15 лютага ў пункце пропуску «Дамачава». Пры праходжанні кантролю 46-гадовы расеец, які ехаў з Польшчы ў Беларусь, прад'явіў памежніку пашпарт, у якім знаходзілася купюра вартасцю 10 еўра. У сваё апраўданне мужчына сказаў, што грошы пакінуў у дакуменце выпадкова. На падставе ст.23.32 КаАП Беларусі яго дзеянні былі расцэненыя як падбухторванне да парушэння парадку памежнага кантролю. Непамятліваму грамадзяніну Расіі вынесена папярэджанне з дэпартацыяй на адзін год.

З пачатку года на ўчастку адказнасці Брэсцкай памежнай групы да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя 15 грамадзян, якія прад'явілі дакументы з укладзенымі ў іх грашыма. Прычым 12 парушальнікаў дэпартаваныя на тэрмін ад 1 года да 5 гадоў. У прэс-службе пагрангрупы падкрэслілі, што за падобнае правапарушэнне, учыненае паўторна на працягу года, пагражае штраф да 21 млн рублёў.