Абхазія ўводзіць візавы рэжым з Беларуссю
17.02.2016 / 17:49
Ад 1 красавіка грамадзяне Беларусі змогуць наведваць непрызнаную рэспубліку Абхазію толькі маючы візу.
Справа ў тым, што ў сілу ўступае Закон «Аб парадку выезда з Рэспублікі Абхазія і ўезда ў Рэспубліку Абхазію». У адпаведнасці з ім, у Абхазію бязвізава могуць прыязджаць толькі грамадзяне тых краін, што прызналі незалежнасць Абхазіі.
На дадзены момант Абхазію як незалежную дзяржаву прызнаюць толькі 4 дзяржавы: Расія, Нікарагуа, Венесуэла і Науру. Яшчэ дзве дзяржавы з Акіяніі – Вануату і Тувалу – адклікалі прызнанне Абхазіі.
Абхазія і Паўднёвая Асеція атрымалі падтрымку ад Расіі пасля ваеннага канфлікту паміж Масквой і Тбілісі ў 2008 годзе. У Абхазіі знаходзяцца руская вайсковая база з кантынгентам да 4 тысяч чалавек.
Беларусь так і не прызнала незалежнасць гэтых утварэнняў: як пераважная большасць сусветных дзяржаваў, наша краіна лічыць Абхазію і Паўднёвую Асецію часткамі Грузіі.
У красавіку 2015 года Аляксандр Лукашэнка ўпершыню наведаў Грузію з афіцыйным візітам, дзе выказаўся наступным чынам: «Беларусь цалкам падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі ў яе міжнародна прызнаных межах».
Што ж, цяпер у Абхазію вольна змогуць ездзіць толькі грамадзяне Расіі і Нікарагуа.