Новы рэктар Маскоўскага лінгвістычнага ўніверсітэта выдаў чужую дысертацыю за сваю

22.02.2016 / 22:00

Суполка «Дысернет» абвінаваціла в. а. рэктара Маскоўскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Ігара Манохіна ў поўным спісванні кандыдацкай дысертацыі з адной крыніцы.

Тэкст Манохіна паўтарае дысертацыю 1999 года амаль цалкам, уключаючы назвы. Манохін абараніў працу «Узброеныя фармаванні на тэрыторыі Сібіры ў перыяд грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі»; дысертацыя 1999 года аўтарства Віталя Воранава называлася «Узброеныя фармаванні на тэрыторыі Сібіры ў перыяд грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў 1917-1922 гг.».

Па словах аднаго са стваральнікаў «Дысернета» журналіста Сяргея Пархоменкі, «дысертацыя перадраная цалкам, ад першай да апошняй літары, з адной крыніцы».

«У сутнасці, гэта значыць, што чалавек проста ўзяў чужую працу, прыляпіў да яе тытульны ліст са сваім імем і здаў, як быццам сваю», — напісаў ён.

Пархоменка дадаў, што на некаторых старонках экспертыза «Дысернета» не выявіла плагіяту, аднак, паводле яго слоў, гэта звязана з памылкамі пры аблічбоўцы дакумента.

Ігар Манохін узначаліў МДЛУ 2 лютага 2016 года пасля таго, як з ранейшым рэктарам універсітэта Ірынай Халеевай скончыўся кантракт. Халеева кіравала ВНУ з 1986 года.

У праекце «Дысернет» працуюць навукоўцы, журналісты і валанцёры. Супольнасць правярае навуковыя працы вядомых людзей, выяўляючы нядобрасумленна падрыхтаваныя дысертацыі. Сярод самых прыкметных прац «Дысернета» — экспертыза дысертацый юрыста Паўла Астахава, губернатара Пецярбурга Георгія Палтаўчанкі, кіраўніка Кіраўскай вобласці Мікіты Белых.