Уладзімір Лобач. Дзяўчынка Вясна

04.03.2016 / 13:35

 

Дзяўчынка Вясна сядзіць на паддашку краіны,
хаваецца ад суворых людзей і бацькоў,
чырвонае п’е віно, паліць, чытае навіны
ад віртуальных ворагаў і няісных сяброў.

 

Смяееца хрыплым, пракураным голасам
над запрашэннямі ў госці і ўсіх пасылае наўпрост
словамі Гарсіа Лоркі, а болей — Купалы і Коласа,
бо так задзяўбаў гэты вечны шлюбны ўзрост,

 

калі кавалеры адно пагуляюць і кінуць,
цноту ізноў атрымаўшы амаль задарма,
ды ёсць супакой: усіх няўдзячных нахіліць
у лепшым выпадку — лета, у горшым выпадку — зіма.