На заводзе ў Оршы інваліды не спраўляюцца з новымі нормамі. БелТІЗ: «Эканамічная сітуацыя вельмі цяжкая»

15.03.2016 / 16:08

«Наша Ніва» ў лютым пісала пра забастоўку на аршанскім ПУП «Элект», калі адбыўся тэхнічны збой, і супрацоўнікі атрымалі заробкі ў 900 тысяч рублёў. Людзі патрабавалі выплаціць ім мінімальны заробак.

Працоўныя зноў звярнуліся да НН. У сваім лісце яны пішуць:

«На аршанскім УП «Элект» ГА БелТІЗ усё ж такі паднялі нормы больш чым на 50%, а аплата за выкананую норму засталася 33 000 рублёў, з прэміяльнымі 48 000. Г.зн. нават калі рабіць норму кожны дзень, што цяпер стала немагчыма, у выніку атрымаецца 960 000 — 1 054 000 у месяц».

На прадпрыемства прыехаў старшыня ГА БелТІЗ Алег Аляксандравіч Шэпель. Па словах працоўных, Алег Аляксандравіч сказаў, што такая эканамічная сітуацыя, і што некалькі прадпрыемстваў БелТІЗ наагул стаяць, і «добра, што вы хоць неяк працуеце».

Працоўныя сцвярджаюць, што ўсе выдаткі на ўладкаванне і заробкі бярэ на сябе дзяржава. «Яны бяруць чалавека на працу па праграме адаптацыі інвалідаў да працы на 1 год. Ствараюць працоўнае месца, дзяржава адначасова кампенсуе выдаткі на стварэнне працоўнага месца для інваліда. Гэта дзесьці каля 40 000 000. Але гэта толькі на паперы, бо працоўныя месцы даўно створаныя і ствараць іх ужо ня трэба. Акрамя таго, дзяржава на працягу года кампенсуе наймальніку выдаткі на зарплату для інваліда, г.зн. фактычна наймальнік, тут гэта ПУП «Элект», наогул у плюсе. Інвалід працуе на «Элект», а зарплату яму плаціць дзяржава. Праз год яго звальняюць і бяруць іншага чалавека па праграме адаптацыі».

Звычайнае працоўнае месца на аршанскім УП «Элект».

Ці сапраўды дзяржава кампенсуе працу інваліда на прадпрыемствах? Юрыдычны аспект уладкавання інвалідаў нам пракаментавалі ў арганізацыйным аддзеле БелТІЗу.

«У абодвух выпадках усе неадназначна. Стварэннем і адаптаваннем працоўнага месца інваліда займаецца само прадпрыемства. БелТІЗ не можа даваць грошы на працоўныя месцы, а толькі на развіццё вытворчасці. Гэта можа быць закупка абсталявання, напрыклад. Заробкі ж у любым выпадку выплачвае толькі прадпрыемства».

Больш падрабязна пра сітуацыю на аршанскім заводзе распавёў сам Алег Аляксандравіч Шэпель.

«Я чытаў папярэдні матэрыял. Інваліды зараз напісалі ў пракуратуру, у Адміністрацыю прэзідэнта… Але я скажу адкрыта: гэта — сабатаж. Цяпер, праўда, усё супакоілася. Справа ў тым, што новыя нормы ужо раней выконвалі на цэнтральным прадпрыемстве і іншых філіялах. У аршанскім філіяле адбылася памылка. У Оршы была норма 540 штук, а ў Віцебску 650. На абодвух прадпрыемствах працуюць інваліды. Я сам інвалід па зроку і раней працаваў зборшчыкам, як яны. Я, калі прыйшоў на сход, сказаў – я десяць дзён вучуся гэтую аперацыю рабіць, і якую норму я зраблю, такую і ўсталюем. Яны не згодныя. Тады я прапанаваў іншыя вырабы аддаць іншым філіялам, каб ім было прасцей. Таксама не пагадзіліся. Яны ці не ведаюць, ці не разумеюць, што заробак ў іх ніколі не будзе высокім, таму што яны прыраўноўваюцца да зборшчыкаў першага і другога разраду па заканадаўстве, а значыць гэтая праца не будзе рэнтабельнай, а заробкі будуць даганяць да мінімальнай. Прасцей кажучы, калі мы падымем заробкі, філіял стане нерэнтабельным.

Там проста ёсць два чалавекі, якія разаграваюць абстаноўку. Адзін, які ўсіх бударажыць, а другая жанчына юрыст. А ведаеце, невідушчыя людзі, запалку кінь у агонь – і запальваецца. Я сабраў увесь калектыў, з’ездзіў у выканкам. Я ім растлумачыў – сітуацыя сапраўды складаная. Асноўны экспарт – Расія і Украіна. Цяпер рынак настолькі прасеў, што прадаць вельмі цяжка».

БелТІЗ прызнае той факт, што сёння на заводах, дзе працуюць інваліды, цяжка канкураваць, бо звычайныя прадпрыемствы аўтаматызавалі сістэму, там практычна няма людзей і вырабляецца больш. Нават льготныя падаткі не дапамагаюць прадпрыемству канкураваць на роўных умовах.

Мікіта Недаверкаў