У Швецыі налічылі 10 расійскіх шпіёнаў пад дыпламатычным прыкрыццём

17.03.2016 / 21:24

Служба дзяржаўнай бяспекі Швецыі (SAPO) лічыць, што не менш за 10 расійскіх дыпламатаў, якія працуюць у Швецыі, у рэчаіснасці з'яўляюцца супрацоўнікамі выведкі. Пра гэта гаворыцца ў чарговым гадавым дакладзе службы. Паводле яе даных, расейскія шпіёны таксама выдаюць сябе за бізнэсменаў і супрацоўнікаў авіякампаній.

На думку SAPO, расейская выведка ўяўляе найбольшую пагрозу для Швецыі. Далей у спісе пагроз ідуць выведвальныя службы Ірана і Кітая.

У дакладзе спецслужбы таксама гаворыцца пра ўжыванне Расіяй метадаў псіхалагічнай вайны. Паводле дадзеных SAPO, Расія спрабуе ўплываць на шведскіх палітыкаў і грамадства ў цэлым, падтрымліваючы радыкальныя рухі і распаўсюджваючы дэзінфармацыю.

У новым дакладзе пацвярджаецца, што летась Швецыя папрасіла супрацоўніка расійскага пасольства пакінуць краіну.

У жніўні 2015 года неафіцыйна паведамлялася, што Швецыя выслала расійскага дыпламата за дзейнасць, несумяшчальную з прынцыпамі Венскай канвенцыі аб дыпламатычных адносінах. Расія ў адказ аб'явіла персонай нон-грата высокапастаўленага супрацоўніка шведскага пасольства ў Маскве.

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг у студзені паведаміў у сваім штогадовым дакладзе, што Расія ў 2013 годзе правяла вайсковыя вучэнні, падчас якіх адпрацоўваўся ядзерны ўдар па Швецыі. Швецыя не з'яўляецца членам НАТА, але ўдзельнічае ў праграме «Партнёрства дзеля міру».