«Юнацтва» выйграла хакейны чэмпіянат Беларусі

01.04.2016 / 21:40

Хакеісты «Юнацтва» выйгралі чэмпіянат краіны. 1 красавіка ў пятым фінальным матчы мінскі клуб на сваёй пляцоўцы ўзяў верх над салігорскім «Шахцёрам» — 4:3 (1:0, 2:0, 1:3) і перамог у серыі з лікам 4:1.

25 і 26 сакавіка пераможца рэгулярнага чэмпіянату выйграў дома ў «Шахцёра» 2:0 і 2:1 (у трэцім авертайме), 29-га саступіў на выездзе 0:1, а 30-га перамог 2:1.

«Юнацтва» ўзяло ў суперніка рэванш за паражэнне ў мінулагодняй фінальнай серыі (0:4).

Цяперашні чэмпіёнскі тытул стаў для мінскага клуба сёмым. Раней ён заваёўваў залатыя медалі ў 2004—2006 і 2009—2011 гадах.