Азербайджан заявіў, што страціў 12 вайскоўцаў у Нагорным Карабаху

02.04.2016 / 17:03

У ходзе ваенных дзеянняў у Нагорным Карабаху ў суботу, 2 красавіка, Азербайджан страціў 12 вайскоўцаў. Пра гэта, як паведамляе РІА Навіны, гаворыцца ў заяве кіраўніка прэс-службы азербайджанскага Мінабароны Вагіфа Дзяргахлы.

Таксама ў ваенным ведамстве пацвердзілі, што быў збіты верталёт Мі-24 і выведзены са строю танк. Сцвярджаецца, што акрамя гэтага ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва Азербайджана.

У міністэрстве абароны дадалі, што праціўнік страціў больш за 100 вайскоўцаў параненымі і забітымі. Таксама, па дадзеных Азербайджана, былі выведзены са строю шэсць танкаў і 15 артылерыйскіх установак і інжынерных умацаванняў.

Агенцтва не мае пацверджання гэтай інфармацыі з боку Ерэвана.