Расійскага інжынера асудзілі за рэпост «Крым — гэта Украіна»

06.05.2016 / 07:32

Прысуд вынес у чацвер суд у горадзе Цьвер. Пра гэта паведаміла адвакат Сьвятлана Сідоркіна, якая прадстаўляе інтарэсы Бубеева.

Інжынэр-механік Андрэй Бубееў абвінавачваўся ў публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасьці і дзейнасьці, накіраванай на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі. Падставай для крымінальнага перасьледу паслужылі адзін рэпост матэрыялу «Крым — гэта Ўкраіна» і адзін малюнак на гэтую ж тэму.

У спрэчках 5 траўня дзяржаўны абвінаваўца папрасіў асудзіць Бубеева на 3,5 гады пазбаўленьня волі. Сам Бубееў сьцьвярджаў, што яго перасьледуюць за перакананьні. Віну ён не прызнаў. У выніку інжынер атрымаў два гады і тры месяцы калоніі-пасялення.

Год таму ў Расеі Маскоўскі вайсковы акружны суд асудзіў беларуса Кірыла Сілівончыка да двух гадоў калёніі-пасяленьня паводле крымінальнага артыкула «Публічныя заклікі да ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці». Кірыла Сілівончыка абвінавацілі па адным эпізодзе разьмяшчэньня ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» допісу, які ўтрымліваў заклікі да зьнішчэньня расейцаў і іх маёмасьці і збройных дзеяньняў. Хлопец, які паходзіць з Гомельшчыны, працаваў сыстэмным адміністратарам на адным з заводаў у Ніжнім Ноўгарадзе.