У гродзенскім заапарку з’явілася кітайская сумесь антылопы, казы, буйвала і сабакі ФОТАФАКТ

03.06.2016 / 09:41

Некалькі дзён таму ў Гродзенскім заапарку з'явіўся незвычайны наваселец, якога прывезлі з Масквы.

Наведвальнікі, якія нядаўна пабывалі ў заапарку, звярнулі ўвагу на незвычайную жывёлу з густой поўсцю, падобную адначасова на быка і казу з галавой антылопы гну, рагамі буйвала, якая выдае дзіўныя гукі і да ўсяго ж умее сядзець, як сабака. Гэта сычуанскі такін — рэдкі і, мабыць, самы малавывучаны буйны парнакапытны сысун. На тэрыторыі СНД гэтыя жывёлы ёсць толькі ў калекцыі заапарку Растова-на-Доне і Маскоўскага заапарку, адкуль ён да нас і прыехаў.

Радзімай такінаў з'яўляецца Кітай. Жывуць яны ў горных лясах і месцах, дзе багата растуць хмызнякі. Такіны настолькі скрытныя жывёлы, што іх першае апісанне з'явілася толькі ў 1850 годзе.

Такіны — раслінаедныя: улетку сілкуюцца сакавітай травой, а зімой — парасткамі бамбука, радэндрона, вярбы. Нягледзячы на сваю вялікую вагу (да 400 кг), каротканогасць і нязграбнасць, такін вельмі лёгка бегае і выдатна скача па стромых скалах. Хоць такіны падобныя на быка, больш падрабязныя даследаванні выявілі, што ён усё ж бліжэй да авечак. Праўда, некаторыя навукоўцы назвалі яго найбліжэйшымі сваякамі газэляў, антылоп і нават аўцабыкоў.