Вялікія змены ў дыпламатычным корпусе: новыя паслы ва Украіне, Бельгіі, Бразіліі, Іране

13.06.2016 / 14:04

Змяніліся паслы Беларусі адразу ў сямі краінах.

Найперш звяртае ўвагу, што ў адстаўку адпраўлены дуаен беларускага дыпламатычнага корпусу – Уладзімір Вялічка. 72-гадовы дыпламат узначальваў пасольства Беларусі ва Украіне на працягу апошніх 15 гадоў.

Да гэтага Вялічка адпрацаваў паслом у Латвіі, быў першым намеснікам у МЗС, міністрам па справах СНД (некалі існавала і такая пасада).

Ігар Сокал змяніў Ташкент на Кіеў.

Новым паслом ва Украіне стаў кіраўнік апарату Савета міністраў Ігар Сокал. На гэтай пасадзе ён прабыў крышку больш за год. У Сокала быў досвед працы на дыпламатычнай ніве – ад 2008 да 2013 ён быў паслом Беларусі ва Узбекістане.

Першы намеснік Уладзіміра Макея ў МЗС Аляксандр Міхневіч цяпер адпраўляецца на працу ў Брусэль. Ён зойме месца пасла Беларусі ў Бельгіі, Еўрасаюзе, НАТО. Вельмі ключавыя пасады. Міхневічу 63 гады, ён родам з Мінска. Гэта не першы ягоны досвед працы паслом, у свой час Міхневіч узначальваў прадстаўніцтва Беларусі ў Вялікабрытаніі і Ірландыі (2006 – 2012).

На плечы Аляксандра Міхневіча кладуцца адносіны Беларусі з Еўрасаюзам і НАТО.

Ранейшым паслом Беларусі ў Бельгіі быў Аляксандр Еўдачэнка. Яго якраз і прызначылі першым намеснікам міністра замежных справаў замест Міхневіча.

Вызвалены ад пасады пасла Беларусі ў Бразіліі былы кіраўнік Мінскага аблвыканкама Леанід Крупец. Новага амбасадара нашай краіны ў Лацінскай Амерыцы не ведае нават гугл. Ягонае імя Аляксандр Царкоўскі.

Міністр па мытным супрацоўніцтве Еўразійскай эканамічнай камісіі Уладзімір Гошын прызначаны паслом Беларусі ў В’етнаме.

Ігар Ляшчэня будзе прадстаўляць Беларусь у Славакіі.

Дастаткова нечакана, што начальніка ўпраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу пры МЗС Беларусі Ігара Ляшчэню прызначалі новым паслом Беларусі ў Славакіі. Мабыць, палічылі, калі ў Ізраілі Ляшчэня спраўляўся, то ў Славакіі па-любому атрымаецца.

Знятая з пасады адна з двух жанчын, што з’яўляюцца паслам Беларусі за мяжой. Наталля Жылевіч больш не афіцыйны прадстаўнік Беларусі ў Рэспубліцы Карэя, яе змяніў кадравы супрацоўнік МЗС Андрэй Папкоў.

Нарэшце прадстаўніцтва нашай краіны ў Іране ўзначаліў Юрый Лазарчык, ён і раней працаваў у пасольстве ў Тэгеране, толькі быў старшым дарадцам па палітычных і навукова-тэхнічных пытаннях. Цяпер пайшоў на павышэнне.

Зміцер Панкавец