КДБ — пра хабары першага намесніка старшыні праўлення Беларусбанка: Рэальныя сумы нашмат большыя

22.06.2016 / 11:47

Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Валерый Вакульчык пракаментаваў затрыманне першага намесніка старшыні праўлення Беларусбанка. Паводле яго слоў, нягледзячы на тое, што Генадзь Гаспадарык затрымалі пры атрыманні хабару ў 14 тысяч даляраў, рэальныя сумы, атрыманыя топ-мэнэджэрам Беларусбанка у якасці хабару «нашмат больш».

Кіраўнік КДБ распавёў, што перадача 14 тысяч даляраў першаму намесніку старшыні праўлення банка праходзіла «пад кантролем спецслужбаў».

«Па сутнасці справы, гэта быў хабар [14 тысяч даляраў], у які ўмяшаліся мы. Але наогул рэальныя сумы нашмат большыя, на парадкі большыя», — паведаміў Валерый Вакульчык.

15 чэрвеня 2016 года Генадзь Гаспадарык быў затрыманы ў момант атрымання хабару ў памеры 14 тысяч даляраў ЗША. У дачыненні да Гаспадарыка была заведзена крымінальная справа па ч.3 арт. 430 (атрыманне хабару).