«А навошта вам гэта трэба?» Жонцы кандыдата тэлефанавалі з райвыканкама і распытвалі наконт членства ў выбарчай камісіі

26.07.2016 / 13:51

Ілля Дабратвор, які ідзе на выбары ад Партыі БНФ, заявіў, што улады Мінскага раёна адгаворваюць патэнцыйных чальцоў выбарчых камісій ад удзелу ў выбарах.

Ілля Дабратвор з жонкай.

«Мы падалі спіс з 21 чалавека, гэта сябры незалежнага прафсаюзу РЭП. Сярод іх і мая жонка, Іна Мікалаеўна, — яна збіраецца быць у камісіі на ўчастку ў Сеніцкай акрузе №76 у Мінскім раёне, гэта там жа, дзе ідзе кандыдатам «казак» Улаховіч. Там буду вылучацца кандыдатам і я сам, — распавёў Ілля Дабратвор. — Але неўзабаве людзям пачалі тэлефанаваць з Мінскага райвыканкама. Казалі прыкладна наступнае: «А навошта вам гэта трэба?», «Ад працы ўсё роўна не вызваляць, а ў камісіі працы шмат», «Грошай там не плацяць» ну і гэтак далей».

Па словах Дабратвора, тэлефанавалі ўсім патэнцыйным чальцам камісій ад незалежнага прафсаюзу, чые тэлефоны змаглі знайсці. Тэлефанавалі нават у сам прафсаюз і цікавіліся кантактамі будучых чальцоў.

«Я сам даў нумар сваёй жонкі Аляксандру Савончыку з Мінскага райвыканкама», — кажа Дабратвор.

Праўда, Аляксандр Савончык, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Мінрайвыканкама, тлумачыць, што нічога незаконнага не адбылося.

«Гэта стандартная працэдура, калі мы тэлефануем патэнцыйным чальцам камісій. Мы цікавімся ці сапраўды існуюць такія людзі, ці сапраўды яны ў складзе пазначанай арганізацыі — бо ўсякае ж бывае, — кажа Савончык. — Правяраем мы ўсіх: і БРСМ, і Саюз жанчынаў і іншых. Прычым, скажу, што некаторыя з чальцоў ад РЭП і не ведалі, што гэтыя камісіі ў сельсавеце, лічылі, што яны будуць сядзець у Мінску. Ім дрэнна патлумачылі ў прафсаюзе, ці што, не ведаю. Але некаторыя чальцы вырашылі — самі! — адмовіцца ад удзелу, калі даведаліся падрабязнасці».

Савончык настойвае, што нікога ён не адгаворваў ад удзелу ў камісіях.

«Ані чальцоў камісій, ані жонку Дабратвора я не адгаворваў, вы што. Дабратвор — асоба даволі вядомая. І што, вы лічыце, што буду яго жонцы тэлефанаваць і адгаворваць яе? Кіно бясплатнае! Навошта мне гэта?»

Колькі чалавек ад прафсаюзу РЭП зарэгіструюць чальцамі камісій будзе вядома 27 ліпеня.

УШ