Амбасада ЗША зьдзіўлена пільнай увагай да «даўно і добра вядомай Праграмы малых грантаў»
Амэрыканскае дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Беларусі распаўсюдзіла афіцыйную заяву наконт Праграмы малых грантаў, якой учора быў прысьвечаны сюжэт на Першым нацыянальным тэлеканале.
30.05.2008 / 18:40
Праграма малых грантаў амбасады ЗША у Беларусі існуе ўжо шмат гадоў. Яе сутнасць дэтальна апісваецца на вэбсайце амбасады, як на англійскай, так і на беларускай мовах.
Як адзначаецца на гэтых старонках, незалежныя сродкі масавай інфармацыі, вяршэнства закона і правы чалавека — гэта прыярытэтныя напрамкі дзейнасці Праграмы малых грантаў. Праграма зацікаўленая ў праектах, датычных пабудовы дэмакратычных інстытутаў, падтрымкі грамадзянскай адукацыі, роўнасці жанчын, рэформ заканадаўства і рынкавай эканомікі з мэтай садзейнічання інтэграцыі Беларусі ў трансатлантычны саюз дэмакратычных краін.
Улічваючы, што гэтая праграма існуе ўжо даўно і добра вядомая, выклікае здзіўленне той факт, што яна стала аб’ектам гэткай пільнай увагі менавіта ў дадзены момант. Аднак, паводле Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах, амбасада ЗША гатова атрымаць афіцыйны запыт аб працы Праграмы малых грантаў ад Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.