Выбары прэзідэнта Аўстрыі могуць быць перанесеныя з-за кепскага клею

Паўторныя прэзідэнцкія выбары ў Аўстрыі, прызначаныя на 2 кастрычніка, могуць быць перанесеныя з-за няякаснага клею, які выкарыстоўваецца на бюлетэнях пры галасаванні па пошце.

10.09.2016 / 19:09

AP

Як паведамляе мясцовая прэса, выбаршчыкі паскардзіліся на тое, што бюлетэні немагчыма надзейна заклеіць, што робіць іх несапраўднымі.

Як заявіў міністр унутраных спраў Аўстрыі Вольфганг Саботка, гэтую тэхнічную праблему наўрад ці ўдасца вырашыць да 2 кастрычніка. Ён таксама дадаў, што ў панядзелак зробіць афіцыйную заяву з нагоды даты правядзення выбараў.

Па дадзеных выдання Die Presse, цяпер абмяркоўваюцца розныя даты выбараў, з лістапада да студзеня наступнага года.

Аб правядзенні паўторнага галасавання было абвешчана пасля таго, як Канстытуцыйны суд Аўстрыі ануляваў вынікі другога тура выбараў з-за шматлікіх парушэнняў падчас галасавання.

У другім туры прымалі ўдзел кандыдат ад крайне правай Аўстрыйскай партыі свабоды Норберт Хофер і былы лідар партыі «Зялёныя» Аляксандр Ван дэр Бэлен, які атрымаў перамогу з мінімальным адрывам у 30 тысяч галасоў.