Найлепшыя беларускія фільмы за 1 тыдзень: 4 кастрычніка стартуе анлайн-фестываль дакументальнага кіно
28.09.2016 / 11:41
4—10 кастрычніка 2016 года на інтэрнэт-пляцоўцы AFISHA.TUT.BY (раздзел «Анлайн-кінатэатры») пройдзе Анлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно BELARUSDOCS. У межах мерапрыемства будуць паказаны найбольш адметныя айчынныя фільмы апошніх трох гадоў, якія дэманстраваліся і перамагалі на вядучых кінафестывалях Еўропы і краін СНД.
За фестывальны тыдзень інтэрнэт-аўдыторыя зможа пазнаёміцца з сямю фільмамі: работамі як дзяржаўнай студыі дакументальнага кіно «Летапіс», так і незалежных аўтараў, як тытулаваных кінадзеячаў, так і маладых рэжысёраў новага пакалення. Дадаткова гледачы змогуць паставіць адзнаку фільму, пакінуць сваё меркаванне на сайце і прачытаць інтэрв’ю з рэжысёрамі.
Кожны з сямі фільмаў будзе даступны да прагляду на працягу сутак (ад 9:00 да 9.00 наступнага дня) у HD-якасці.
Праграма Анлайн-фестываля беларускага дакументальнага кіно BELARUSDOCS:
- 4 кастрычніка - «Алмаз» (2013; рэжысёр — Віктар Аслюк);
- 5 кастрычніка - «Скрыжаванне» (2014; рэжысёр — Настасся Мірашнічэнка);
- 6 кастрычніка - «Дудар» (2014; рэжысёр — Юрый Цімафееў);
- 7 кастрычніка - «Мяжа Нарвілішак» (2014; рэжысёр — Дзмітрый Махамет);
- 8 кастрычніка - «Не адзін» (2014; рэжысёр - Вольга Дашук);
- 9 кастрычніка - «Пасха Хрыстова» (2015; рэжысёр — Дар'я Юркевіч);
- 10 кастрычніка - «Госці» (2015; рэжысёр — Андрэй Куціла).
Фестываль адкрыецца фільмам «Алмаз» ад мэтра беларускага дакументальнага кіно Віктара Аслюка. Героем стужкі з'яўляецца нашчадак сталінскіх ссыльных з Беларусі, адзіны жыхар вострава на Ладажскім возеры Аляксей Клюня. Ён часта размаўляе з сабой ці са сваім адзіным сябрам — канём Алмазам. Яны шмат часу пражылі разам і цяпер Аляксей хоча памерці першым, каб яго труну на могілкі вёз Алмаз.
Фільм Настассі Мірашнічэнка «Скрыжаванне» пра бяздомнага мастака з Гомеля Валерыя Ляшкевіча, які жыве на вакзале і на працягу дваццаці год піша карціны на вуліцах горада. За гэты час ён стаў мясцовай славутасцю, але гэта не паўплывала на яго лёс. Што прыўнясуць у яго жыццё здымкі дакументальнага фільма?…
Кароткаметражны фільм пра аднаго з апошніх майстроў па вырабе ўнікальных пастуховых дудаў у Беларусі Фёдара Муравейку — «Дудар» Юрыя Цімафеева, — звяртаецца да тэмы сыходу ў мінулае традыцыйнай вясковай спадчыны. Аўтарскі падыход ператварае звыклую для беларускай дакументалістыкі тэму ў самадастатковы мастацкі твор.
У «Мяжы Нарвілішак» Дзмітрыя Махамета гаворка ідзе пра тое, як беларусы з літоўскай памежнай вёскі Нарвілішкі не могуць звыкнуцца з мяжой Еўразвязу, якая адлучыла іх ад сваякоў, сяброў і мінулага. Статычныя кадры і павольныя доўгія панарамы падкрэсліваюць безвыходнасць забытых па іншы бок мяжы суайчыннікаў.
«Не адзін» Вольгі Дашук стаў адным з найлепшых тэлевізійных фільмаў Еўропы-2014 (згодна з «Prix Europe»). У ім ідзе расповед пра мастака-самавука Віктара Залатыліна. Мастацтва займае ўвесь яго вольны час. Ён шмат працуе, бо засталося яму не так многа…
Чорна-белая амаль рэпартажная дакументалістыка ад выпускніцы французскай Школы сучаснага мастацтва Le Fresnoy Дар’і Юркевіч «Пасха Хрыстова» ставіць пытанне пра месца духоўных каштоўнасцяў у жыцці сучасных гараджан.
Фільм Андрэя Куцілы «Госці» — пераможца Нацыянальнага конкурсу кінафестываля «Лістапад-2015». Герой твора Аляксей Шчадроў — чалавек з няпростай біяграфіяй. Пасля выхаду з турмы ён звярнуўся да веры і арганізаваў незвычайны прытулак, куды прымае хворых і дзе даглядае бедныхі і самотных.
Офлайн-адкрыццё фестываля адбудзецца 3 кастрычніка а 18.30 у Галерэі TUT.BY.
Анлайн-фестываль беларускага дакументальнага кіно BELARUSDOCS закліканы папулярызаваць нацыянальнае неігравое кіно сярод беларускай аўдыторыі, наладжваць дыялог паміж творцамі і гледачамі, спрыяць кансалідацыі творчай супольнасці кінадакументалістаў Беларусі.
Старонкі ў сацыяльных сетках:
+375298776134 (каардынатар праекта Алесь Лапо)
Партнёры праекта: Міжнародны фестываль кароткаметражных фільмаў Cinema Perpetuum Mobile, грамадская кампанія «Будзьма беларусамі», Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», сайт kinopark.by, Музей гісторыі беларускага кіно, газета «Культура», Галерэя TUT.BY, візуальны часопіс «Infographer»