Ва ўсходніх штатах ЗША абвясцілі эвакуацыю з-за ўрагану «Мэцью»

05.10.2016 / 22:26

Сотням тысяч жыхароў прыбярэжных раёнаў у Фларыдзе і Паўднёвай Караліне загадана эвакуявацца ўглыб кантынента з прычыны набліжэння ўрагану «Мэцью» да ўсходняга ўзбярэжжа ЗША.

Reuters

«Гэта сур'ёзны шторм», — перасцярог прэзідэнт ЗША Барак Абама, дадаўшы, што яго ўдар раніцай у чацвер будзе мець сур'ёзныя наступствы для Фларыды.

Тым часам з Паўднёвай Караліны паступаюць паведамленні аб транспартных заторах у ваколіцах горада Чарльстана, жыхары якога спрабуюць як найхутчэй пакінуць небяспечны раён.

Цяпер пад ўдарамі ўрагану, якому нададзеная трэцяя катэгорыя небяспекі, знаходзяцца Багамскія выспы.

Раней «Мэцью» абрынуўся на Гаіці, пакінуўшы пасля сябе паласу разбурэнняў, пазбавіўшы тысячы жыхароў прытулку над галавой і забраўшы жыцці як мінімум дваіх чалавек.

Ураган пакінуў шматлікія разбурэнні ў кубінскім горадзе Баракоа. Фота АР

На шляху гіганцкага ўрагану апынулася таксама Куба. Паводле папярэдніх дадзеных, там яго наступствы аказаліся не такімі спусташальнымі, як на Гаіці, аднак некаторым пабудовам у правінцыі Гуантанама была нанесеная адчувальная шкода.

Метэаролагі лічаць, што ўраган пранясецца над усімі Багамскімі выспамі і дасягне ўсходняга ўзбярэжжа Фларыды ў чацвер у другой палове дня.

Нягледзячы на тое, што яго катэгорыя была зніжана з чацвёртай да трэцяй, трапічны цыклон, які павольна рухаецца ў паўночна-заходнім кірунку, па-ранейшаму суправаджаецца ўраганнымі вятрамі, хуткасць якіх дасягае 185 км/г.