Гендырэктар Нацыянальнай тэлекампаніі Украіны падаў у адстаўку з-за «Еўрабачання»

01.11.2016 / 16:42

Генеральны дырэктар Нацыянальнай тэлекампаніі Украіны (НТКУ) Зураб Аласанія напісаў заяву на звальненне па ўласным жаданні з пасады кіраўніка тэлекампаніі. 

ukrinform.ua

Зураб Аласанія растлумачыў сваё рашэнне праблемамі з бюджэтам «Еўрабачання» і бюджэтам будучага Грамадскага вяшчальніка. Ён падкрэсліў, што «гэты ўчынак не з'яўляецца шантажом улады, ён з'яўляецца меркаваннем, што ў пераходны перыяд кампанію павінен узначаліць чалавек больш кампрамісны, гібкі, здольны дамаўляцца і спраўляцца з процілеглымі інтарэсамі і інтэрэсантамі».

У сувязі з гэтым мэр Кіева Віталь Клічко звярнуўся да Кабінета міністраў з тым, каб быў тэрмінова назначаны новы генеральны дырэктар Нацыянальнай тэлекампаніі Украіны, паведамляе прэс-служба мэра.

«Сітуацыя сур'ёзная, паколькі Украіна рыхтуецца да правядзення песеннага конкурсу Еўрабачанне ў наступным годзе. І вялікая частка абавязацельстваў па падрыхтоўцы і забеспячэнні правядзення конкурсу ляжыць менавіта на НТКУ. Таму Нацыянальная тэлекампанія не можа заставацца без кіраўніка, адказнай асобы, калі для нас кожны дзень важны. Я звяртаюся да Кабінета міністраў як мага хутчэй разгледзець гэта пытанне і назначыць новага кіраўніка НТКУ», — падкрэсліў Клічко.

«Еўрабачанне» пройдзе ў маі 2017 года ў сталіцы Украіны — Кіеве. Удзел у міжнародным песенным конкурсе возьмуць 43 краіны.