«Украэрарух»: Дыспетчар вярнуў самалёт «Белавія» ў адпаведнасці з міжнароднай практыкай

Дыспетчар пад час перамоваў з пілотамі пасажырскага самалёта «Белавія», што выконваў рэйс Кіеў-Мінск 21 кастрычніка, казаў пра магчымасць перахопу самалёта баявой авіяцыяй у выпадку, калі самалёт не вернецца ў «Жуляны». Дыспетчар дзейнічаў у адпаведнасці з міжнароднай практыкай, гаворыцца ў адказе «Украэраруха» на запыт «112.Украіна».

08.11.2016 / 07:57

Фота aerovokzal.net

«У кампанію «Украэрарух» паступіла інфармацыя пра неабходнасць вярнуць самалёт рэйса BRU840 авіякампаніі «Белавія» ў сувязі з пагрозай нацыянальнай бяспекі Украіны, што і было выканана. Дыспетчар абслугоўвання паветранай прасторы дзейнічаў у інтарэсах нацыянальнай бяспекі Украіны і ў адпаведнасці з міжнароднай практыкай», — гаворыцца ў адказе «Украэраруха».

Украіна таксама ў рабочым парадку вырашае пытанне аб кампенсацыі авіякампаніі «Белавія» выдаткаў, якія яна панесла праз прымусовае вяртанне самалёта ў аэрапорт Кіева.

«Фінансавае пытанне з авіякампаніяй «Белавія»»Украэрарух» вырашае ў адпаведнасці з практыкай, якая прымяняецца ва ўзаемаадносінах паміж правайдэрам аэранавігацыйных паслуг і авіякампаніяй», — паведаміў «Украэрарух».

СБУ вярнуў самалёт «Белавія» ў Кіеў пад пагрозай узняць знішчальнікі