Раман, які складаецца з адной фразы, атрымаў прэмію ў $12 тысяч

10.11.2016 / 16:43

Раман «Сонечны гарсэт», напісаны ірландцам Майкам МакКормекам, атрымаў прэстыжную прэмію Голдсміцкага ўніверсітэта, якая прысуджаецца за навацыі ў літаратурнай форме. Выдадзены на 223 старонках раман цалкам складаецца з аднаго доўгага сказа, піша ВВС. 

New Statesman

У рамане распавядаецца пра інжынера Маркуса Конуэя, які ненадоўга ўваскрос з мёртвых.

Каментуючы выбар журы конкурсу, яго старшыня прафесар Блэйк Морысан адзначыў, што пісьменніку ўдалося неардынарна адлюстраваць жыццё звычайнага рабочага чалавека.

«Палітыка, сям'я, мастацтва, шлюб, здароўе, грамадзянскі абавязак і экалогія — толькі некаторыя тэмы, якія закранае аўтар у ходзе аповеду, выкананага лірычнай, але моцнай прозай», — пракаментаваў суддзя.

51-гадовы МакКормек стаў трэцім за апошнія тры гады аўтарам з Ірландыі, якія атрымалі прэстыжную ўзнагароду і прэмію ў 10 тысяч фунтаў (каля 12 500 даляраў).

Літаратурная прэмія Голдсміцкага ўніверсітэта была заснаваная ў 2013 годзе. Пісьменнікі, якія атрымліваюць прэмію, амаль заўсёды атрымліваюць шырокае прызнанне.