У Польшчы ў выніку землятрусу абрынулася шахта, загінулі чацвёра гарнякоў

30.11.2016 / 16:50

Землятрус магнітудай 4,5 адбыўся на паўднёвым захадзе Польшчы, паведамляюць інфармагенцтвы. Эпіцэнтр знаходзіўся на глыбіні 1,5 км.

У выніку падземных штуршкоў адбылося абвальванне шахты «Рудня» ў горадзе Палькавіцы. Пад зямлёй аказаліся заблакаванымі 16 гарнякоў. Ратавальнікі ў першыя гадзіны пошукавай аперацыі знайшлі целы чатырох шахцёраў, яшчэ восем гарнякоў з рознымі траўмамі былі паднятыя на зямлю. Лёс яшчэ чатырох шахцёраў пакуль невядомы.

Прадстаўнікі кампаніі-ўладальніка шахты KGHM «Польская медзь» паведамілі, што пошукава-выратавальная аперацыя працягваецца. Будзе абвешчаная чатырохдзённая жалоба па загінулых.