З «Нафтана» і «Граніту» здымуць па тры ачкі ў чэмпіянаце краіны па футболе—2017

16.12.2016 / 16:48

З наваполацкага «Нафтана» і мікашэвіцкага «Граніту» будуць знятыя па тры ачкі ў чэмпіянаце Беларусі па футболе 2017 года. Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні камітэта па статусе і пераходах футбалістаў Беларускай федэрацыі футбола, паведаміла 16 снежня прэс-служба БФФ.

Абодва клубы пакараныя ў сувязі з «сістэматычным невыкананнем рашэнняў камітэта БФФ па статусе і пераходах футбалістаў у дачыненні да пагашэння наяўных запазычанасцяў».

«Нафтан» наступны чэмпіянат правядзе ў вышэйшай лізе, «Граніт» — у першай.

«Калі названыя клубы не будуць выконваць рашэнні камітэта да 31 студзеня 2017 года, то будуць пазбаўленыя яшчэ аднаго ачка. У выпадку невыканання рашэння і ў далейшым гэтая мера будзе прымяняцца ў канцы кожнага наступнага месяца аж да старту сезону», — гаворыцца ў паведамленні.