Гродзенку асудзілі на 8 гадоў калоніі за пазычаныя ў знаёмых $6 мільёнаў

На восем гадоў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці асудзіў суд Ленінскага раёна Гродна мясцовую жыхарку — індывідуальную прадпрымальніцу. 

29.12.2016 / 20:22

Акрамя таго, жанчына на пяць гадоў пазбаўленая права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Прысуд быў абвешчаны 28 снежня, інфармуе БЕЛТА.

Гродзенка мела бізнэс на адным з гарадскіх рынкаў. Яна з 2011 па 2015 год угаварыла знаёмых і калег па рынку пазычыць ёй вялікія сумы грошай на закупку тавару, аплату мытных плацяжоў і развіццё справы. Некаторым яна абяцала вярнуць грошы з дывідэндамі. Агулам жанчына набрала ў знаёмых каля 90 млрд недэнамінаваных рублёў (каля 6 млн долараў па курсе на пачатак 2015 года).

Пацярпелымі апынуліся дзесяць чалавек. Пераканаўшыся, што вяртання грошай ім чакаць марна, людзі пачалі звяртацца ў міліцыю.

Да таго ж, маючы буйную суму грошай, на працягу 2014 года гродзенка зарабляла на валютна-абменных аперацыях, атрымаўшы даход у асабліва буйным памеры.

Улетку 2015 года на яе пачалі крымінальную справу. Жанчыну абвінавацілі па некалькі артыкулах Крымінальнага кодэксу — махлярства ў асабліва буйным памеры, а таксама незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, звязаная з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры.

Суд цалкам задаволіў пазовы пацярпелых аб спагнанні пазык з абвінавачанай. На гэта пойдзе арыштаваная маёмасць гродзенкі агульным коштам каля 2,8 млрд недэнамінаваных рублёў.

Акрамя таго, на карысць дзяржавы з жанчыны будзе спагнана каля 1,2 млрд рублёў, атрыманых ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.