Лябедзька пераапрануўся валацугам і сам інсцэніраваў сваё зьбіцьцё на Кастрычніцкай

Новыя казкі ад братоў Грым беларускай міліцыі.

15.07.2008 / 11:12

З такой вэрсіяй сёньня выступіў намесьнік начальніка Менскага ГУУС Аляксандар Найдзенка, перадае радыё Эхо Москвы са спасылкай на Інтэрфакс.

Паводле словаў Найдзенкі, падчас учорашняй акцыі на Кастрычніцкай плошчы, якая праводзілася ў знак салідарнасьці з арыштаванымі дэмакратычнымі актывістам па справе 4 ліпеня, Лябедзька сам паваліўся на зямлю, а супрацоўнікі міліцыі да яго нават пальцам не дакрануліся. Яны проста пераступілі цераз Лябедзьку і пайшлі далей выцясьняць удзельнікаў акцыі з Кастрычніцкай.

Нагадаем, што ўчора лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, паводле сьведчаньняў журналістаў, павалілі на зямлю і некалькі разоў ударылі нагамі. Потым Анатоль Лябедзька зьвярнуўся ў 2‑ю больніцу, дзе зафіксавалі 2 гематомы на жываце і па адной на грудзях, сьцягне і галёнцы.

***

Нагадаем, што пры канцы чэрвеня, калі на Кастрычніцкай плошчы падчас прагляду паўфіналу Гішпанія — Расея здарыліся патасоўкі паміж заўзятарамі гішпанцаў‑каталюнцаў і прыхільнікамі расейскай зборнай, менская міліцыя таксама выступіла з сэнсацыйнай заявай, што «гішпанцамі» пераапрануліся занесеныя ў Чырвоную кнігу беларускай апазыцыі «зубры».

Ул. інф.


Фота з акцыі 14 ліпеня photo.bymedia.net