SpaceX упершыню пасля аварыі паспяхова запусціла ракету: яе першая ступень удала села на марскую платформу

15.01.2017 / 12:18

Прыватная амерыканская касмічная кампанія SpaceX ў суботу, 14 студзеня, упершыню пасля вераснёўскай аварыі паспяхова запусціла ракету-носьбіт Falcon 9 і вывела на арбіту камунікацыйныя спадарожнікі, а яе першая ступень удала села на марскую платформу ў Ціхім акіяне, паведамляе Deutsche Welle.

На арбіту было дастаўлена 10 апаратаў спадарожнікавай тэлефоннай сувязі новага пакалення Iridium NEXT.

Liftoff! https://t.co/tdni53IviI pic.twitter.com/OQP4JVHsqr

— SpaceX (@SpaceX) 14 января 2017 г.

Праз восем хвілін пасля запуску першая ступень удала села на марскую платформу ў Ціхім акіяне. Упершыню такое вяртанне ракеты-носьбіта было паспяхова апрабавана кампаніяй у красавіку 2016 года.

У выпадку шматразовага выкарыстання ракеты-носьбіта касмічныя палёты становяцца ў некалькі разы танней. «Мы дасягнем таго моманту, калі яе вяртанне стане руцінай. Ракету трэба будзе толькі памыць, заправіць і зноў запусціць», — заяўляў кіраўнік SpaceX Ілан Маск.

1 верасня 2016 года на касмадроме на мысе Канаверал у штаце Фларыда ракета Falcon 9 выбухнула за 2 дні да палёту падчас дзяжурнай праверкі рухавікоў. Пацярпелых падчас інцыдэнту не было. Аднак наступны запуск ракеты неаднаразова пераносіўся.