У Беларусі адноўлена адзначэнне Камаедзіцы — свята абуджэння мядзведзя

27.02.2017 / 11:22

У Лынтупах на Пастаўшчыне адбылася падзея, хоць і не нацыянальнага маштабу, але пры добрай прамоцыі ў будучыні, якая можа стацца адным з маршрутаў падзейнага турызму на Беларусі. Упершыню, больш чым за стагоддзе, у мястэчку Лынтупы, адзначылі Камаедзіцу — свята абуджэння мядзведзя ад зімовай спячкі.

Камаедзіца — забытае беларускае народнае свята, звязанае з сустрэчай вясны. Свята даўней адзначалі 24 сакавіка (6 красавіка) напярэдадні Звеставання і прысвячалі абуд­жэнню мядзведзя.

Лічыцца, што на наступны дзень «мядзведзь устае». У Беларусі казалі: «На Авечніцу мядзведзь кладзецца ў бярлог і пачынае смактаць лапу, на Грамніцы пераварочваецца і смокча іншую лапу, а на Звеставанне — выходзіць з бярлога».

Б.А.Рыбакоў, даследчык славянскай культуры, у сваіх даследаваннях адзначаў, што назва «камаедзіца» выходзіць з таго ж індаеўрапейскага кораня, што і грэчаскае слова — «камедыя». Само свята Рыбакоў выводзіў з часоў каменнага веку і звязваўся з паляўнічым культам мядзведзя.

Па меркаванні культур-антраполага, філолага, гісто­рыка навукі Льва Клейна, назва свята — гэта «позняе запазычанне з латынізава­най польскай культуры, таму яго і няма ўсходней, у рускіх». Назва сапраўды можа быць звязана з грэц­кай камедыяй, але не як старажытны сваяк, а як за­пазычанне ў беларускую мову з грэцкай праз лацінскі пасярэднік.

Каб растлумачыць гэтую назву, з’явіўся звычай есці гарохавыя камы, а паколькі Камаедзіцы супадалі з першым выганам скаціны, ражаныя («дурні маляваныя») сталі маляваць мядзведзя — «скоцкага бога» у славянскіх уяўленнях. Аднак чамусьці Клейн, у пацвярджэнне сваёй версіі, так і не прывёў польскага аналага свята.

Ідэя правядзення першага на Беларусі свята Камаедзіцы ў Лынтупах належыць Міхасю Гілю, краязнаўцу і грамадскаму актывісту з Паставаў. Лынтупы — радзіма яго жонкі Лілі.

— Мая дачка Алеся працуе ў аддзеле спорту і ту­рызму Пастаўскага рай­вы­канкама, — кажа Міхась Гіль. — Скончыла ў Польшчы ўніверсітэт, мае дыплом па спецыяльнасці — «турызм». Яна сказала, што, фактычна, да кожнага больш-менш значнага паселішча даведзена ўказанне — яно мусіць мець сваё свята! Я прапанаваў мясцоваму савету ў Лынтупах адрадзіць свята Камаедзіцы. Бо Масленіцу святкуюць па ўсёй Беларусі, ва ўсіх райцэнтрах і мястэчках. Улады дапамагаюць з масоўкай. А вось Камаедзіцу — нідзе! Мясцовы савет пагадзіўся. З большага і сцэнар свята мой. Бо, папросту, яго няма адкуль узяць. Яно мала апісана ў краязнаўчай літаратуры. Ёсць сведчанні, што Камаедзіцу святкавалі не толькі ў Бягомлі, а нават і на Гомельшчыне. Мясцовы савет па­дтрымаў мяне. Дапамог з арганізацыяй мера­прыемства, выдзеліў мас­­­­тац­­кую самадзейнасць, сродкі на прызы для пера­можцаў розных кон­курсаў.

Камаедзіца праводзілася на фоне разлеглага парку колішняга маёнтка Бішэўскіх. У парку рэстаўруецца палац, які да нядаўняга часу стаяў у руінах. Сцэнічнай пляцоўкай была абраная тэрыторыя ля будынка колішняй панскай афіцыны, помніка архітэктуры класіцызму сярэдзіны ХІХ ст.

Натуральна, што на свята, якое арганізавана на грамадскіх пачатках, не так ужо і лёгка сабраць народ. Аднак хоць гэтае свята і не раскручанае так, як Масленіца, усё ж, у першы раз, сабралася досыць багата народу — больш за сто чалавек.

Свята складалася, можна так ска­заць, з дзвюх частак.

Прэзентацыя кулінарных выра­баў мясцовых гаспадынь — «Лынтупскія прысмакі». Прысутныя маглі падыходзіць і бясплатна час­тавацца, нават добра паесці. Натуральна, былі пры­гатаваныя розныя напоі, перадусім — кісель! Бо лічылася, што мядзведзь любіў аўсяны кісель. Шмат хто прынёс бліны, як мучныя, так і бульбяныя з мясам. Багата рознага печыва: пірагі, пончыкі, хрусты, піражкі з розным начыннем! А спадарства Гілёў прывезла з Паставаў ці не пяць кардонных скрынак з розным пячэннем. Пеклі ўдвух. Пончыкі ж былі прыгатаваныя, як даўней — на свіным тлушчы, а не на алеі. Напрыканцы Камаедзіцы журы падвяло вынікі конкурсу кулінараў і ўганаравала каш­тоўнымі падарункамі пераможцаў.

Іншую частку Камаедзіцы склалі розныя спаборніцтвы і забавы: якая пара найхутчэй перапілуе бервяно, якая каманда перацягне на сваю карысць канат, пабіванне «мядзведзя» падушкай на адпілаваных раней калодках: зваліўся з калодкі — прайграў, пераможцу — падарунак.

Мясцовыя артысты прадэманстравалі добры кан­цэрт на зімовую тэматыку.

Дзятве, тым часам, спадабалася катанне на коннай фурманцы па вуліцах мястэчка.

Ці сталася Камаедзіца ў Лынтупах «першым блінам комам»? Пазбегну крытычных заўваг, бо праводзілася яна, перадусім, на грамадскіх пачатках. А мясцоваму Дому культуры — калі традыцыя ўкараніцца — можна было б пажадаць на далейшае, каб гэтае народнае свята было ўсё ж адаптавана да беларускай культуры.

Галоўнае, што свята адбылося! Калі Камаедзіца прыжывецца ў Лынтупах, то сцэнар яе правядзення можна ўдасканальваць з году ў год.

І яшчэ адзін штрых… Аўтар упершыню наведаў мястэчка Лынтупы, што ля самай мяжы з Літвой. Аднак, пра ўсе цікавосткі ведаў даўно, засталося цяпер толькі убачыць іх навочна. Побач з Камаедзіцай стаяў разлеглы старадаўні парк, у якім віднеўся будынак у рыштаваннях. Гэта — колішні палац Бішэўскіх, які яшчэ нядаўна стаяў у руінах, а на сценах раслі бярозы… Выкупіў палац і парк нейкі расейскі бізнэсовец.

Усе «нармальныя» людзі ходзяць дарогамі, а на іх часта стаяць шыльды, дзе сказана: «Прыватная ўласнасць! Праход — забаронены!» А вось аўтар — пайшоў напрасткі, як бліжэй — паўз платы і зараснікі, па ледзьве прыкметных сцежках… Зрабіў нямала здымкаў парку, палаца ў рыштаваннях, адноўленых ужо будынкаў.

Даганяе мяне мужык. Аказваецца — вартаўнік: «Здесь ходить — запрещено! Частная территория! Таков — порядок! Как вы сюда попали?»

Па сцежцы трапіў! Ладна, ветліва папрасілі, ветліва і сыйду…

Цікава, як будзе, калі аб’ект давядуць да ладу? Прыватная тэрыторыя — уваход забаронены?

Ужо сёння лынтупскім калгаснікам, якія раней ішлі да канторы праз парк, цяпер трэба даваць круга — больш за кіламетр.

Ніхто не ведае, што будзе ў палацы пасля яго рэстаўрацыі расейскім бізнэсоўцам! — кажа Міхась Гіль. — Мяжа з Еўразвязам у пары кіламетраў. Мо, які забаўляльны цэнтр, разлічаны на тых жа літоўцаў?

Камаедзіца ў Лынтупах — першая, больш чым за стагоддзе!

Хто перапілуе бервяно хутчэй! Перапілавала хутчэй пара, дзе была жанчына.

Перацягванне каната. Левы бок перамог.

Частаванне «Лынтупскімі прысмакамі».

Пабіццё «мядзведзя» падушкай, каб прачнуўся! Хто зваліўся з калодкі — прайграў, пераможцу —прыз ад мясцовага савета. На тле ­— былы флігель ў парку Бішэўскіх.

Міхась Гіль (у цэнтры), краязнаўца, грамадскі актывіст з Паставаў, які прапанаваў ідэю Камаедзіцы ў Лынтупах, радзімы яго жонкі.

Узнагароджанне пераможцаў конкурсу «Лынтупскія прысмакі».

Вежа ў парку колішняга маёнтка. Ці то вяндлярня, ці то лядоўня — усе даведнікі супярэчаць адзін адному.

Колькі не ламалі ўраганы разлеглы старадаўні парк у Лынтупах ­— нешта яшчэ і засталося да нашых дзён.

Фрагмент адрэстаўраванага фасада палаца Бішэўскіх.

Яшчэ нядаўна палац Бішэўскіх стаяў у руінах. Цяпер у рыштаваннях.

Рэстаўрацыйныя работы ў парку.

Стары, колішні панскі бровар (да нядаўняга часу — спіртзавод), ужо, як два гады, не працуе. На вежы — флюгер з Пагоняй.

Лынтупы — як заграніца. Мноства цагляных камянічак. На пярэднім плане — колішняя чыгунка з Крулеўшчыны на Вільню. Цяпер, толькі, да Лынтупаў.

Уладзімір Скрабатун