У справе «Белага легіёна» — першы вызвалены з СІЗА КДБ

31.03.2017 / 14:07

З СІЗА КДБ вызвалілі Сяргея Барстка, якога затрымалі ў ноч на 22 сакавіка і трымалі ў ізалятары КДБ. Паводле жонкі Сяргея Барстка Аляксандры, з мужа ўзялі падпіску пра нявыезд і невыдаванне, таму ён не дае каментароў журналістам.

«Выглядае нармальна. Не збіты. Але маўчыць пра тое, што там было. Вызвалілі яго ўчора ўвечары, прывезлі дадому», — сказала жонка экс-затрыманага Аляксандра.

Паводле старшыні рады «Бацькаўшчыны» Ніны Шыдлоўскай, на гэты час выстаўленыя абвінавачанні тром з затрыманых у справе «Белага легіёна». «Іх прозвішчы яшчэ высвятляем», — сказала Ніна Шыдлоўская.

У КДБ звесткі пра выстаўленне абвінавачанняў праверыць не ўдалося. Тэлефон прэс-службы працуе ў рэжыме аўтаадказніка.