Лішняя вага заразная
На чалавека падсьвядома ўплывае вага людзей, якія яго атачаюць, і таму тлустыя людзі могуць стаць прычынай лішніх кіляграмаў у сваіх сябрукоў, сьцьвярджаюць навукоўцы.
06.08.2008 / 10:26
Група дасьледчыкаў з розных краін назвала гэтую зьяву «імітацыйным атлусьценьнем».
Па выніках дасьледаваньня 27 тысяч эўрапейцаў, навукоўцы прыйшлі да высновы, што рост выпадкаў атлусьценьня варта разглядаць як сацыялягічны, а не фізыялягічны фэномэн. На думку дасьледчыкаў, спрацоўвае тое, што чалавек міжволі параўноўвае сябе зь іншымі людзьмі пры тым, што ўяўленьні пра норму зьмяніліся й працягваюць мяняцца.
Аднак дырэктар Нацыянальнай арганізацыі па вывучэньні атлусьценьня Дэвід Хаслам бачыць іншую залежнасьць:
«Калі вас атачаюць людзі з залішняй вагой — хай то сябры ці члены сям’і — гэта значыць, што вы знаходзіцеся ў адным і тым жа асяродзьдзі, у якім, хутчэй за ўсё, вы ясьцё шмат таго, чаго есьці ня сьлед».