Магерыні — Лаўрову: У ЕС і Расіі застаюцца глабальныя рознагалоссі па Украіне

Глабальныя рознагалоссі па Украіне ўсё яшчэ існуюць паміж Еўрапейскім саюзам і Расіяй. Пра гэта заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні на прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым, паведамляе ТАСС.

24.04.2017 / 14:37

«Канечне, у ЕС ёсць некаторыя глабальныя рознагалоссі з Расіяй, у першую чаргу, па пытанні Украіны, — сказала яна. — Але ёсць і пытанні, у якіх мы супрацоўнічаем і маем намер падняць гэты ўзровень супрацоўніцтва ў сферах, дзе Расія і ЕС могуць быць карысныя адзін аднаму у вырашэнні існуючых крызісаў».

Фота ТАСС

Магерыні таксама адзначыла, што «апроч ўкраінскага пытання існуюць і іншыя сферы заклапочанасці». «Але мы спадзяемся, што праз адкрыты прыязны дыялог мы зможам нейкім чынам вырашыць гэтыя праблемы», — падкрэсліла яна.

«Наш абмен думкамі быў карысны, канструктыўны і пазітыўны, — сказала Магерыні. — Спадзяемся, што яго вынікі паўплываюць ўжо ў бліжэйшыя тыдні ці месяцы».

Дыпламат таксама адзначыла, што «ў гэты цяжкі перыяд ні адзін сантыметр магчымай тэрыторыі супрацоўніцтва нельга страціць». «Мы нясем адказнасць перад чалавецтвам, таму мы павінны знайсці агульную пазіцыю для вырашэння крызісаў», — дадала яна.

Акрамя таго, Магерыні заявіла, што выкананне мінскіх пагадненняў асабліва актуальна на фоне падрыву машыны місіі АБСЕ 23 красавіка.

«Мы абмеркавалі як ўвасабляць у жыццё дарожную карту, заснаваную на мінскіх пагадненнях, — сказала яна. — Гэтае пытанне асабліва актуальнае, бо на міне падарвалася машына місіі АБСЕ».

nn.by