Таксі-сэрвіс з мінскім цэнтрам распрацоўкі купілі за $200 мільёнаў

27.04.2017 / 09:50

Таксі-сэрвіс Gett набыў праект Juno, створаны заснавальнікамі Viber Тальмонам Марка і Ігарам Магазіннікам. Пра гэта паведамляе TechСrunch са спасылкай на заяву генеральнага дырэктара Gett.

Сума ўгоды склала 200 мільёнаў даляраў. Кампаніі не сталі выдаваць тэрміны закрыцця здзелкі і спосаб аплаты.

Паглынанне закране ўвесь існуючы бізнэс Juno, уключаючы сетку кіроўцаў і супрацоўнікаў. Чатыры заснавальнікі Juno — Тальмон Марка, Ігар Магазіннік, Офер Самоча і Сані Маруэлі — застануцца ў Нью-Ёрку і засяродзяцца на развіцці Gett у ЗША. Пасля кампанія плануе распаўсюдзіць свой бізнэс на 100 еўрапейскіх гарадоў.

Gett і Juno — анлайн-сэрвісы для выкліку таксі. Зараз Gett працуе больш чым у ста гарадах свету, Juno — толькі ў Нью-Ёрку. Дзве кампаніі канкуравалі паміж сабой, а таксама з Uber — найбуйнейшым у свеце таксі-сэрвісам, актыўным у 579 гарадах.