ЗША другі раз за тыдзень запусцілі балістычную ракету
03.05.2017 / 16:56
Ваенна-паветраныя сілы ЗША правялі другі за тыдзень тэставы запуск балістычнай ракеты далёкага дзеяння Minuteman III, паведамляе ВВС.
Ракета была запушчаная з базы Вандэрберг ў Каліфорніі. Працэсам дыстанцыйна кіравалі ваенныя з штата Мантана. Ракета праляцела каля 6400 км, а затым упала недалёка ад Маршалавых выспаў у Ціхім акіяне.
Новы запуск Minuteman III быў ажыццёўлены праз некалькі дзён пасля таго, як Паўночная Карэя ажыцыявіла спробу ўласнага выпрабавання цвердапаліўнай ракеты. Як паведамлялі ўлады ЗША, яна выбухнула ў паветры і не паспела пакінуць тэрыторыю КНДР.
Па словах амерыканскіх ваенных, пуск Minuteman III не звязаны з пагаршэннем адносін з Паўночнай Карэяй. Выпрабаванні ракет плануюцца на тры-пяць гадоў наперад, а падрыхтоўка канкрэтнага запуску можа заняць цэлы год, паведаміла прадстаўнік ВПС ЗША Лінда Фрост.
Папярэднія выпрабаванні Minuteman III прайшлі 26 красавіка. Тады запушчаная амерыканскімі ВПС балістычная ракета трапіла ў цэль на палігоне Кваджалейн на Маршалавых выспах.