На мітынгу ў Маскве людзі ў штацкім знішчылі плакаты «Хопіць Пуціна» і «Хопіць цярпець Кадырава»

У Маскве 6 мая прайшоў узгоднены мітынг апазіцыі, прысвечаны пятай гадавіне падзей на Балотнай плошчы. У акцыі ўзялі ўдзел, паводле розных звестак, ад 1 да 3 тысяч чалавек.

07.05.2017 / 09:54

Пачатак акцыі быў запланаваны на 13.00, аднак старт быў адкладзены прыкладна на паўгадзіны, паведамляе РБК

Як патлумачыў прысутным адзін з арганізатараў акцыі Аляксандр Рыклін, незадоўга да пачатку супрацоўнікі паліцыі па «загадзе чалавека ў цывільным» знішчылі афармленне сцэны.

«Тут былі банеры «Хопіць Пуціна!», «Хопіць цемрашальства», «Хопіць трываць Кадырава». Пад сцэнай была расцяжка «Балотная справа — ганьба Расіі». Нейкаму чалавеку ў цывільным падалося, што гэтыя заклікі не адпавядаюць тэматыцы мерапрыемства. Ён аддаў загад паліцыянтам, і афармленне было знішчана», — заявіў Рыклін.

6 мая 2012 года, неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў, у Маскве павінен быў адбыцца ўзгоднены апазіцыйны «Марш мільёнаў», у межах якога планаваўся мітынг на Балотнай плошчы. Акцыя вылілася ў беспрэцэдэнтныя сутыкненні з паліцыяй і масавыя затрыманні ўдзельнікаў. У выніку больш за 30 чалавек сталі фігурантамі «балотнай справы».

nn.by