Парашэнка: Ва Украіну паставяць 2 мільёны тон вугалю з ЗША

26.06.2017 / 10:21

Прэзідэнт Пётр Парашэнка прагназуе пастаўку ва Украіну 2 мільёнаў тон вугалю з ЗША. Пра гэта паведамляюць «Украінскія навіны».

«Мы будзем мець гарантаваную пастаўку мінімум 2 млн тон вугалю. Для гэтага створаны ўсе ўмовы, зараз павінны толькі падпісацца кантракты», — сказаў прэзідэнт.

Ён дадаў, што амерыканскі вугаль будзе пастаўляцца з Пенсільваніі па канкурэнтных цэнах пры садзейнічанні амерыканскіх уладаў.

Парашэнка нагадаў, што ўкраінская ўлада пасля захопу ўкраінскіх прадпрыемстваў на акупаваных тэрыторыях Данбаса адмовіліся ад закупкі вугалю з дадзеных тэрыторый і цяпер трэба шукаць спосабы збалансаваць патрэбу ў вугле.

Прэзідэнт паведаміў, што ў жніўні міністр энергетыкі ЗША Рык Пэры наведае Украіну. Падчас візіту ў ЗША Парашэнка таксама абмяркуе з Пэры магчымасць пастаўкі ва Украіну звадкаванага газу.

Як паведамлялася, прэзідэнт Украіны і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абмеркавалі магчымасць пастаўкі вугалю і звадкаванага газу ва Украіну.

Раней міністр энергетыкі і вугальнай прамысловасці Ігар Насалік заяўляў, што гадавая патрэбнасць Украіны ў антрацыце складае 9,5 мільёна тон, а патрэба ў імпарце гэтага вугалю — 4,2 мільёна тон да канца 2017 года. Насалік разлічвае на імпарт з ЗША вугалю антрацытавай групы ў аб'ёме 2,5—3 млн тон.