Беларус выйграў у покер $676 тысяч ФОТА

Мінчук Ігар Сойка заняў другое месца ў покерным турніры серыі WSOP пад назвай Event #47: $ 1,500 NLHE Monster Stack. У выніку ён атрымаў 675 995 даляраў прызавых, паведамляе рэсурс wsop.com.

30.06.2017 / 17:26

Ігар Сойка. Фота: wsop.com

Спаборніцтвы адбываліся 24—28 чэрвеня ў Лас-Вегасе. Каб апынуцца за сталом, кожны ўдзельнік павінен быў выкласці ўступны ўзнос у 1500 даляраў. У выніку гэта зрабілі 6716 чалавек. Такім чынам, прызавы фонд склаў больш за 9 млн даляраў.

У фінальнай раздачы Ігар Сойка змагаўся з амерыканцам Браянам Юнам. У яго на руках былі туз і васьмёрка пік, у апанента — кароль і дзясятка чырвы. На жаль, прыйшла дзясятка бубен, і першае месца разам з 1 094 349 даляраў дасталася Юну.

Ігару Сойку 30 гадоў. За сваю кар'еру ён выйграў 2 590 020 даляраў. У 2014 годзе ён атрымаў на адным з турніраў 989 263 даляраў прызавых.