Археолагі выявілі на ўсходзе Кітая парэшткі веліканаў узростам 5 тысяч гадоў

Кітайскія археолагі выявілі на тэрыторыі ўсходняй правінцыі Шаньдун парэшткі «гіганцкіх» людзей, якія жылі прыкладна 5 тысяч гадоў таму. Рост гэтых незвычайна высокіх для той эпохі людзей перавышаў 1,9 метра, перадаюць «Нескучные новости». 

04.07.2017 / 17:01

«Мы прыйшлі да такой высновы пасля вывучэння костак. Пры жыцці яны несумненна былі яшчэ вышэйшымі, — распавёў кіраўнік цэнтра вывучэння гісторыі і культуры пры Шаньдунскім універсітэце Фан Хуэй. — Думаю, такі целасклад тлумачыцца наяўнасцю багатых крыніц харчавання, да якіх гэтыя людзі мелі доступ».

Цікавая знаходка была зробленая ў ходзе раскопак, якія працягваюцца ў раёне горада Цзінань (адміністрацыйны цэнтр Шаньдун) з 2016 года. Да цяперашняга моманту навукоўцы выявілі рэшткі больш за 100 будынкаў, звыш за 200 пахаванняў і прыкладна 20 ахвярных ям. Даследчыкі мяркуюць, што выцягнутыя з-пад зямлі парэшткі належаць прадстаўнікам культуры эпохі неаліту Луншань, якія некалі засялялі басейн ракі Хуанхэ.